Магілёўскі музей этнаграфіі прапануе здзейсніць невялікае падарожжа ў часе. Падняпроўскі шлях прывядзе Вас у вёску канца ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя. На Магілёўскім Падняпроўі яна была маладворная, з вулічнай планіроўкай, забудаваная вяночнымі дварамі. Толькі тут можна ўбачыць двары вяночнага тыпу, дзе ўсе будынкі – і жылыя, і гаспадарчыя – размешчаны па перыметру, вакол унутранага двара квадратнай ці прамавугольнай формы. Можна зазірнуць у сялянскую хату з традыцыйным для канца ХІХ стагоддзя інтэр'ерам – печ, палаці, “чырвоны кут”, “бабін кут”, люлька з немаўляткам і хадунок для малога. Хата ў святочным калядным убранстве – з прыгожымі рушнікамі на вокнах і абразах, аздобленым абрусам сталом, новым “павуком” пад столлю. А далей Вас падхопіць чарада святаў гадавога цыкла сялянскага жыцця. Каляды з любімымі персанажамі калядоўшчыкаў – “казой”, “мядзведзем”, “жоравам”, маскамі і “каляднай зоркай”. На змену зімовым надыходзяць вясновыя святы – Масленіца і Гуканне вясны, Вялікдзень і Юр'я. У народным жыцці ёсць святы і ёсць будні. Будні – гэта час, калі чалавек здабывае свой хлеб штодзённы – апрацоўвае зямлю, пасе скаціну, косіць сена, ловіць рыбу, даглядае пчол, вырошчвае лён. За важнымі вясенне-летнімі клопатамі не забываўся селянін пра святы-абрады, якія сімвалізавалі гатоўнасць прыроды радзіць новы ўраджай. Спраўлялі Троіцу-Зелянуху з ахапкамі аеру, упрыгожанымі бярозамі, вясёлымі гульнямі; Купалле з пучкамі лекавых зёлак, вянкамі і вогнішчамі. Але ўсё ж галоўным святам гэтага перыяду становяцца Зажынкі – пачатак уборкі ўраджаю зернавых. Следам за ім – Спас з макам, яблыкамі, мёдам, арэхамі і хлебам. Карагод народных святаў вядзе далей, і можна ўбачыць, як адзначалі магілёўскія сяляне святы восені – Дажынкі і Дзяды, якімі замыкаецца гадавое святочнае кола. Пасля Дзядоў прыйдуць Каляды і ўсё паўторыцца зноў. І кола чалавечага жыцця працягваецца. На змену радзільным абрадам прыходзяць вясельныя. Толькі ў беларусаў магічныя і абрадавыя дзеянні суправаджалі маладых на працягу ўсяго вяселля – развітанне з хатай, каравайны абрад, навіванне наміткі. Беларусы заўсёды былі вядомыя як добрыя майстры, і апошні музейны раздзел знаёміць з традыцыйнымі рамеснымі вырабамі. Гэта ткацтва і вышыўка, салома - і лозапляценне, ганчарства і дрэваапрацоўка. Народныя майстры пакажуць прыёмы іх вырабу. А ў музейнай краме можна набыть сувенір на памяць.