Прырода краю

Аддзел  “Прырода краю” дае  яскравае ўяўленне аб прыродным  багацці вобласці. У пяці залах экспазіцыі, агульнай плошчай 350 м², наведвальнікі музея маюць магчымасць пазнаёміцца з палеанталагічным матэрыялам, які перадае асноўныя моманты эвалюцыйнага працэсу, са спецыфікай прыроды ўсходняга рэгіёну Беларусі, выяўленай у асаблівасцях рэльефу і клімату, у глебавай і геалагічнай структуры. Багаты інфармацыйны матэрыял аб прыродзе падаецца ў выглядзе дыярам, біягруп, таксідэрмічных скульптур. Наведвальнікі знаёмяцца з “касмічнымі прышэльцамі” – метэарытамі – якія з'яўляюцца найбольш старажытнымі матэрыяльнымі аб'ектамі. Іх узрост можна параўнаць з узростам Сонечнай сістэмы, па іх сучасная навука мяркуе пра першыя геалагічныя працэсы на Зямлі. Унікальным экспанатам з'яўляецца Чарнаборскі метэарыт, які быў знойдзены на тэрыторыі Быхаўскага раёна. Сімвалам ледніковага перыяду з'яўляецца мамант. Фрагменты шкілета і зубы маманта прадстаўлены ў экспазіцыі. Усе яны былі знойдзены на тэрыторыі Магілёўскай вобласці. Большую частку палеанталагічнага матэрыялу складаюць акамянеласці марскіх жывёл, якія жылі сотні мільёнаў год таму – гэта аманіты, трылабіты, брахіяподы, белемніты і інш. Маляўнічыя дыярамы аднаўляюць эпізоды з жыцця самых розных прадстаўнікоў фаўны нашага краю. У залах экспазіцыі можна ўбачыць, як ствараюць свае норы будаўнікі лесу – барсукі, паглядзець момант палявання зграі ваўкоў на дзіка, пазнаёміцца з разнастайнасцю лясных птушак. Адна з залаў аддзела “Прырода краю” прысвечана вадаёмам і іх жыхарам. Разнастайныя дыярамы знаёмяць з жыццём баброў, птушкамі рэк і азёр. Сухія акварыумы даюць уяўленне аб падводным жыцці нашых вадаёмаў. Экспазіцыя ў поўнай меры адлюстроўвае відавы састаў птушак Магілёўскай вобласці. З драпежнікаў прываблівае ястраб-перапялятнік, пустальга звычайная, шырока прадстаўлены птушкі атраду вераб'інападобных, сярод якіх ёсць і самая маленькая птушка Беларусі – жоўтагаловы каралёк. Шматлікія прадстаўнікі флоры і фаўны Магілёўскай вобласці занесены ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь – іх можна пабачыць у экспазіцыі – гэта чорны дзяцел, бугай вялікі, чапля рыжая, пустальга звычайная, барсук, вячэрніца малая, а таксама такія рэдкія расліны, як вадзяны арэх, сон-трава, гарлачык жоўты.