Экспазіцыя адкрыта ў 1997 г., размешчана ў 5 залах першага паверха музея. Старажытная гісторыя Магілёўшчыны багатая і цікавая. На тэрыторыі вобласці вядома звыш 2 тысяч помнікаў археалогіі: стаянкі каменнага і бронзавага вякоў, умацаваныя гарадзішчы і адкрытыя селішчы похі жалеза і сярэднявечча, старажытныя гарады і замчышчы, грунтовыя могільнікі і курганы. Экспазіцыя адлюстроўвае матэрыяльную культуру і гаспадарчую дзейнасць насельніцтва Магілёўскага Падняпроўя ад палеаліту да сярэднявечча. Экспануюцца крамянёвыя і каменныя прылады (наканечнікі стрэл, разцы, скрабкі, вастрыі, сякеры), жалезныя вырабы (зброя, нажы, шылы, крэсівы), ляпны і ганчарны посуд, прасліцы, упрыгожанні (бранзалеты, падвескі, кольцы, фібулы, пацеркі), зерне культурных раслін і інш. Асноўныя заняткі чалавека розных эпох адлюстроўваюць дыярамы “Паляванне на маманта”, “Рыбалоўства”, “Ганчарства”, “Культавае месца. Курганы. Селішча”. Эпоху фінальнага палеаліту і мезаліту прадстаўляюць багацейшыя калекцыі крамянёвых прылад грэнскай і свідэрскай культур. Неаліт і бронзавы век адлюстроўваюць цікавы скарб крамянёвых трапецый са Старага Дзедзіна, бронзавы кельт з Клічаўшчыны, касцяныя гарпуны, матыгі і наканечнік стралы. Экспануюцца макет мезалітычнага жытла, рэканструкцыі лучковай дрэлі і вертыкальнага ткацкага станка, курганнага і грунтовых пахаванняў, скульптурныя рэканструкцыі чалавека. Асобны экспазіцыйны комплекс прысвечаны ўнікальнаму помніку часоў вялікага перасялення народаў гарадзішчу Нікадзімава. Паселішча з'яўлялася адміністрацыйна-тэрытарыяльным цэнтрам акругі, месцам знаходжання сядзібы правадыра і яго дружыны. Прадстаўлена аб'ёмная рэканструкцыя гарадзішча і багацейшы рэчавы комплекс – зброя, рыштунак каня і вершніка, скарб, рэдкія і шыкоўныя ўпрыгожанні з каляровых металаў, шкла, бурштыну, пальчатыя і антрапа-зааморфныя фібулы, бытавыя рэчы, керамічны посуд.