17 лютага ў краязнаўчым музее адкрылася выстава «Яго Магілевам назвалі…», прысвечаная 110-годдзю паэмы Янкі Купалы «Магіла льва», – паэтычнаму ўвасабленню народнага падання пра ўзнікненне горада Магілева.
Янка Купала напісаў паэму ў 1913 годдзе, а пазнаёміўся з легендай пра Машэку дзякуючы працы П.В. Шэйна – знакамітага этнолага, які нарадзіўся ў горадзе Магілёве. На выставе, як адзін з самых рарытэтных экспанатаў, прадстаўлен зборнік П. В. Шэйна 1893 года выдання з калекцыі Магілёўскага абласнога краязнаўчага музея імя Е.Р. Раманава.
Выстава «Яго Магілевам назвалі…» – гэта сумесны творчы праект Магілёўскага абласнога краязнаўчага музея імя Е.Р. Раманава і Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы. Таму шэраг экспанатаў, прадстаўленых на выставе, - з фондаў літаратурнага музея. На выставе можна пабачыць аўтэнтычны тканы пояс самаго Янкі Купалы, а таксама асобнае выданне паэмы «Магіла льва», якое было надрукавана ў 1927 г. тыражом 3000 асобнікаў.
Янка Купала ўпершыню наведаў Магілёў у 1924 г., а ў 1938 годдзе ён быў у горадзе над Дняпром на прэм`еры спектакля «У пушчах Палесся» паводле п`есы Якуба Коласа. На выставе экспануецца карціна з Магілёўскага драматычнага тэатра, якая адлюстроўвае гэты значны момант у жыцці горада Магілёва.
Па матывах паэмы Янкі Купалы «Магіла льва» кінастудыя «Беларусьфільм» у 1971 г. стварыла аднайменны фільм, які будзе дэманстравацца ў час працы выставы па тэлевізару.
Беларускі кампазітар Яўген Глебаў па матывах паэмы стварыў цудоўны балет «Выбранніца», які стаў пярлінай нацыянальнага мастацтва і ўпрыгожаннем 100-рублёвай банкноты ўзору 2000 г.
На адкрыцці выставы прысутнічалі: дырэктар Магілёўскага абласнога краязнаўчага музея Віктар Мікалаевіч Аненкаў, калегі з Мінску – дырэктар Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы Ганна Васільеўна Галінская і загадчыца экспазіцыйна-выставачнага аддзела Марыя Мікалаеўна Барткова, а таксама рэжысёр-пастаноўшчык Магілёўскага тэатра лялек Марыя Анатольеўна Гуцева.
У час адкрыцця выставы свае вершы на тэму паходжання горада Магілева прачытала намеснік дырэктара краязнаўчага музея Аляксандра Сяргееўна Буракова. Гасцям выставы быў прадстаўлены фрагмент спектакля «Магіла льва», прэм`ера якога адбылася ў лістападе прошлага года ў тэатры лялек. Экскурсію па выставе правялі загадчыца экспазіцыйна-выставачнага аддзела літаратурнага музея Марыя Мікалаеўна Барткова і вядучы супрацоўнік краязнаўчага музея Марына Анатольеўна Тарасава.
Запрашаем на нашу выставу!