Выстава «Яго Магілевам назвалі…»

   17-га лютага а 15-й гадзіне у краязнаўчым музее адбудзецца адкрыццё выставы “Яго Магілевам нгазвалі…”
   Сумесны выставачны праект прысвечаны 110-годдзю паэмы Янкі Купалы “Магіла льва” – паэтычнаму ўвасабленню даўняга падання пра ўзнікненне горада Магілёва.
                                              … Над быстрым Днепрам, дзе сягоння
                                              Стаяць Магілева муры,
                                              Драмала пушча ў сотні гоняў,
                                              Змагала громы і віхры…
   Пра нараджэнне гэтых спеўных радкоў мы ведаем ад самога Янкі Купалы. У лісце да прафесара Б.І. Эпімаха-Шыпілы 2 чэрвеня 1913 г. паэт пісаў: “Перачытваю беларускія этнаграфічныя зборнікі – Шэйна, Смаленскі, апісанне Магілёўскай губерні; пробаваў некаторыя песні напісаць на народны сюжэт, але праца гэтакая не з лёгкіх”.
   Тым не менш літаральна праз месяц, 2 ліпеня, Янка Купала завяршыў працу над паэмай, што складаецца з 20 раздзелаў, у кожным з якіх па 6 катрэнаў. Яе крыштальна празрыстая форма і кампазіцыя нібы аднаўляюць гераічны эпас, страчаны за смугою часоў, калі гісторыя сталася легендай, а легенда ператварылася ў міф.
   Янка Купала пазнаёміўся з легендай пра Машэку, шырока вядомай на Магілёўшчыне, дзякуючы працы Паўла Шэйна (1826–1900) – знакамітага этнолага, які нарадзіўся ў Магілёве, дзе дагэтуль захаваліся старадаўнія могілкі на Машэкавай гары. У 1893 г. выйшаў ІІ том “сабраных і прыведзеных у парадак” Паўлам Шэйнам “Матэрыялаў для вывучэння побыту і мовы рускага насельніцтва Паўночна-Заходняга краю”, дзе было надрукавана народнае паданне “Машэка”, якое і натхніла Янку Купалу на стварэнне паэмы “Магіла льва”, рукапіс якой дагэтуль не знойдзены. На выставе экспануецца зборнік П. Шэйна 1893 года выдання з калекцыі Магілёўскага абласнога краязнаўчага музея.
   Шэраг экспанатаў з фондаў Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы знаёміць са шляхам паэмы да чытача і яе прысутнасцю ў культурнай прасторы Беларусі. Бадай самы рарытэтны экспанат – асобнае выданне паэмы 1927 г., ажыццёўленае Цэнтральным бюро “Маладняка” тыражом 3000 асобнікаў. Аформіў кнігу мастак Анатоль Тычына. Пазнейшыя выданні ілюстравалі вядучыя мастакі Васіль Шаранговіч, Арлен Кашкурэвіч, Міхаіл Басалыга. Іх работы можна ўбачыць на графічных аркушах і старонках кніг.
   Янка Купала – знаўца жывой традыцыйнай культуры Цэнтральнай Беларусі, якая захоўвалася ў час яго дзяцінства і юнацтва, што прайшлі на абшарах сучасных Маладзечанскага і Лагойскага раёнаў. Серыя мастацкіх работ Лазара Рана знаёміць з мясцінамі, дзе сталеў чалавек і паэт. Дакументальны раздзел выставы знаёміць з этапнымі падзеямі асабістага і творчага лёсу Янкі Купалы.
   Сваё веданне гісторыі і этнаграфіі Беларусі Янка Купала паглыбляў праз навуковыя даследванні краязнаўцаў. Завочна ён пазнаёміўся з Магілёвам па трохтомніку “Вопыт апісання Магілёўскай губерні …” пад рэдакцыяй губернатара А.С. Дэмбавецкага (1840–1920), аматара гісторыі, які фінансаваў археалагічныя працы ў Падняпроўі. Першая кніга трохтомніка выйшла ў 1882 г. – у год нараджэння паэта. Гістарычны нарыс губерні напісаў М. В. Фурсаў (1825–1901) – былы дырэктар магілёўскай класічнай гімназіі і выкладчык гісторыі, рэдактар неафіцыйнай часткі “Магілёўскіх губернскіх ведамасцяў” і стваральнік каталогаў Магілёўскага музея (1891 і 1989 гг.), зараз Магілёўскага краязнаўчага музея імя Е.Р. Раманава.
   Янка Купала ўпершыню наведаў Магілёў у чэрвені 1924 г. Потым была творчая камандзіроўка 1933 г., а ў 1938 г. ён быў у горадзе над Дняпром двойчы: у красавіку на прэм’еры спектакля “У пушчах Палесся” паводле п’есы Якуба Коласа, а ўлетку наведаў Магілёўскую фабрыку штучнага шоўку.
   Па матывах паэмы кінастудыя “Беларусьфільм” у 1971 г. стварыла аднайменны фільм, а цудоўны балет Яўгена Глебава “Выбранніца” стаў не толькі пярлінай нацыянальнага мастацтва, але і ўпрыгожаннем 100-рублёвай банкноты ўзору 2000 г.
   Сучаснік паэта, літаратуразнаўца, прафесар Аляксандр Вазнясенскі лічыў: “Канчатковы вынік, які выцякае з аналізу кампазіцыйнае пабудовы і стылю... паэмаў, зводзіцца да таго, што гэтымі творамі Янка Купала ўвёў беларускую літаратуру ў галіне гэтага жанру ў агульнае рэчышча літаратуры еўрапейскай”.
   У ХХІ ст. чытач рознага ўзросту можа сфарміраваць свой погляд на гісторыю Машэкі. Ці гэта казка пра “Прыгажуню і пачвару” наадварот? Ці вечны сюжэт пра шчасце ўзаемнага кахання і трагедыю здраджанага пачуцця, калі помста атручвае, як змяя? Ці гэта рамантычная паэма, створаная ў Belle Époque, праходзіць шлях ад буколікі да дэтэктыва?
   На выставе прадстаўлены аўтэнтычная прадметы з Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы, Магілёўскага абласнога краязнаўчага музея імя Е.Р. Раманава, Магілёўскага мастацкага музея імя П.В. Масленікава, работы магілёўскіх мастакоў.
   Прыемных уражанняў!
   Куратары праекта:
   Марыя Барткова, Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы
   Вольга Палешкіна, Магілёўскі абласны краязнаўчы музей імя Е.Р. Раманава

", nextText: "
", pagination: false, autoplay: true, numItems: 2 }); $(".fancybox").fancybox(); });