Выстава «Калядная саламяная казка»

   Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва беларускага народа сваімі каранямі сягае ў глыбокую старажытнасць. Вялікая разнастайнасць і многаслойнасць формаў і матываў – вынік доўгага і складанага шляху развіцця. Новае і старое змешваюцца ў нечаканых сплавах, нараджаючы бясконцыя варыянты.
   Пляценне з саломы было адным з самых распаўсюджаных рамёстваў на Магілёўшчыне. Папулярнасці яго садзейнічала наяўнасць сыравіны, простая тэхналогія вырабу, пры якой майстры выкарыстоўвалі разнастайныя тэхнікі пляцення. Сярод самых вядомых вырабаў вылучаюцца дэкаратыўныя шкатулкі самых разнастайных формаў: круглыя, авальныя, прамавугольныя, сэрцападобныя. Як правілы, яны мелі функцыянальную зашпільку, выпуклую ці плоскую крышку. Рэльефныя дэталі (зубчатыя пляцёнкі, выпуклыя і плоскія ромбы) стваралі на паверхні вырабаў выразную гульню святла і ценю. У такой шкатулцы так заманліва знайсці падарунак ад Дзеда Мароза…
   У 1960-х гадах адбываецца адраджэнне саломапляцення і стварэнне Магілёўскай фабрыкі мастацкіх вырабаў. Яе майстры, пераасэнсоўваючы вопыт мінулага, ствараюць разнастайныя творы ад умоўна-сімвалічных да складаных рэалістычных кампазіцый, такіх як “Калядоўшчыкі”, “Тройка навагодняя” і іншыя. Вырабы выглядаюць вельмі дэкаратыўна, значна павялічыліся ў памерах у параўнанні з традыцыйнымі. Некаторыя формы раней у побыце не сустракаліся, але маючы ў аснове традыцыю, з`яўляюцца натуральным яе працягам. Гэта вобразы жывёлаў, паказаныя ў гумарыстычным выглядзе: “Ліса-фігурыстка”, “Заяц-хакеіст”, “Вожык-футбаліст” і г.д.
   У наш час саломапляценне на Магілёўшчыне займае першае месца сярод жанраў сучаснага народнага мастацтва. Немагчыма не выкарыстаць пры стварэнні выставак дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва сучаснымі творамі фабрыкі мастацкіх вырабаў – Каляднымі зоркамі, Рагамі багацця, саламянымі ёлачнымі цацкамі.