Выстава Гульнары Качан «Сцежками продкаў»

   З 22 лістапада 2019 г. у музеі этнаграфіі пачынае працаваць персанальная выстава лялек члена Беларускага саюза мастакоў Гульнары Качан. На выставе прадстаўлены традыцыйныя народныя лялькі: абрадавыя, абярэгавыя і гульнявыя.
   Кожная дэталь лялькі, вырабленая майстром, нясе глыбокі сэнс. Народная лялька – гэта народная мудрасць, бясцэнны вопыт пакаленняў нашых продкаў. Больш таго, лічылась, што абрадавыя лялькі, зробленыя сваімі рукамі, маюць сувязь са сваім вытворцам і здольны ўплываць на яго жыццё.
   На выставе вы ўбачыце маленькія фігуркі Купалкі і Льнянкі, Навума-разумніка, Княгіню нявесту, Бабу Ягу,  Каляднага анёла і больш сотні другіх дзіўных лялек. Згорнутыя з лапікаў, пеленашкі, шэсціручніцы прынясуць у Ваша паўсядзённае жыццё крыху цуду, маўкліва апавядаючы пра традыцыі часоў, пра якія цяпер можна прачытаць хіба што ў кнігах.