28 красавіка ў Магілёўскім абласным краязнаўчым музеі імя Е. Р. Раманава адкрылася выстава «Ад КРЫНАЛІНА да МІНІ-СПАДНІЦЫ. АД ТУРНЮРА ДА СПОРТ-ШЫКУ. АД ГАРСЭТА ДА АВЕРСАЙЗ». У экспазіцыі выставы прадстаўлены больш за 450 унікальных экспанатаў з калекцыі Таццяны Фядосавай «Прыгажосць і мода XIX–XXI стст.», якая налічвае больш за 800 прадметаў. Гэта аўтэнтычныя сукенкі, аксэсуары, абутак, парфума, прадметы для догляду за сваёй знешнасцю, фатаграфіі, часопісы, якія адлюстроўваюць прыгажосць і моду апошніх 160 гадоў. Прадметы са збору Таццяны Фядосавай прымалі ўдзел у выставачных праектах Нацыянальнага мастацкага музея і Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь. Персанальныя выставы адбыліся ў Гродзенскім гісторыка-археалагічным музеі, Гомельскім палацава-паркавым ансамблі, музеі-запаведніку Нясвіжскі замак, сядзібе Козел-Паклеўскіх у Чырвоным Беразе.
У экспазіцыі прадстаўлены ўвазе наведвальнікаў арыгінальная вясельная сукенка 1918 г. з Магілёўскай губерні, а таксама сукенка сапраўднай кінадзівы Галівуда 1930-х Кэй Фрэнсіс, вячэрняя сукенка брытанскага мадэльера Мюрэя Арбейда, які ствараў ўборы для прынцэсы Дыяны, капялюшык з пёраў Братцаўскай птушкафабрыкі 1930-х гг., галаўны ўбор з конскім воласам ад Эльзы Скіяпарэлі 1950-х, трафейныя сукенкі 1940-х з Германіі, тэатральныя сумачкі, памада лімітаванай серыі Крысціяна Дзіора, выпушчаная ў сярэдзіне 50-х гадоў мінулага стагоддзя.
Выстава працуе з 10.00 да 18.00, выхадны – панядзелак. Кошт квітка: дарослы-7 руб., дзіцячы-4 руб., больш за 5 чалавек – 5 руб.
Экскурсіі праводзяцца па папярэднім запісе па тэл.: 64-10-14, 64-02-28.