У Магілёўскім абласным краязнаўчым музеі ім. Е.Р. Раманава 2 лютага адкрылася выстава эксклюзіўных самавараў «Тульскі самавар. Ад старажытнасці да сучаснасці» калекцыянера Андрэя Сайкова, ураджэнца г. Бабруйска, а зараз жыхара г. Тулы. У экспазіцыі прадстаўлены вядомыя тульскія брэнды канца 19 - пачатку 20 стст., работы эдынбургскіх, іранскіх майстроў, а таксама самавары, якія Андрэй Сайкоў вырабіў сам. Калекцыю майстра складаюць больш за 50 узораў, разнастайных па форме, аб`ёме і прызначэнню.
Самы вялікі карчмарны самавар, аб`ёмам 36 літраў, выраблены ў форме звана, а ў самым маленькім самавары «эгаісце» можна закіпяціць усяго толькі 130 г вады. Самавары-фантаны, аналагічныя па канструкцыі антычным аўтэпсам, прызначаны для астуджэння або разагравання напояў. У некаторых жаравых самаварах адсутнічае кран, яны падобныя да кітайскіх «хо-га» і могуць выкарыстоўвацца ў кулінарыі. Гэта самавар-кухня, падзелены ўнутры на тры часткі, «рыбацкі» самавар для падрыхтоўкі юшкі.
Вытанчанасць і своеасаблівую непаўторнасць самаварам надаюць разнастайныя дэкаратыўныя дэталі з выкарыстаннем дрэва ці косткі, незвычайныя ручкі, стылізаваныя раслінным арнаментам, адлітыя ў выяве льва ці выгнутай лебядзінай шыі. Адзін з самых арыгінальных самавараў на выставе – самавар-віцязь, выраблены ў выглядзе галавы рускага волата з паэмы Аляксандра Пушкіна «Руслан і Людміла».
Выстава будзе працаваць у краязнаўчым музеі да 10 красавіка 2022 года. Кошт білета: 1.50 руб. - дзіцячы, 3.00 - дарослы.