Выстава «WARSTORY.BY. ПАКАЛЕННЕ МІРУ АБ ВАЙНЕ І МІРЫ»
22 верасня 2015

   З 18 верасня па 18 кастрычніка 2015 года ў Магілёўскім абласным краязнаўчым музеі імя Е.Р. Раманава будзе экспанавацца выстава «WARSTORY.BY. ПАКАЛЕННЕ МІРУ АБ ВАЙНЕ І МІРЫ», прадстаўленая фондам «Культурная спадчына і сучаснасць» (г.Мінск). Паводле задумы арганізатараў дадзеная выстава стане прыкметным культурна-патрыятычным праектам у рамках мерапрыемстваў па святкаванні 70-годдзя Перамогі.
   Тэма вайны шматразова «музеефіцыравана» і ўвасоблена ў музейных экспазіцыях і выставах. Але гэты праект асаблівы. Яго адметнай рысай з`яўляецца шматгалоссе: наведвальнік слухае галасы і ўдзельнікаў вайны, уключаючы пераможцаў, дзяцей вайны, і дзяцей дня сёняшняга – пакалення міру. Ён можа таксама дадаць свой голас: расказаць пра вайну, пакінуўшы свае ўспаміны, успаміны сваіх блізкіх, прынесці рэліквіі, звязаныя з вайной. І яго голас будзе пачуты іншымі. Гэта размова пра вайну, шчырая, сумленная, заснаваная на персанальных гісторыях і сведчаннях. У гэтай гутарцы важна меркаванне кожнага: як перажыўшага гэтую катастрофу ХХ стагоддзя, так і таго, каго мы адносім да дзяцей міру, не ведаўшых вайны, але якія жывуць у арэоле памяці аб ёй.
   Людзей - непасрэдных удзельнікаў і відавочцаў вайны, якія прайшлі праз яе горан, засталося зусім мала. Да сыходзячага пакалення ўжо належаць і так званыя дзеці вайны, веды аб вайне у якіх заснаваныя на дзіцячых успамінах і перажываннях. Пакаленне 1970-1980-х кажа пра Другую сусветную вайну, рэканструіруе яе, абапіраючыся на ўспаміны ўдзельнікаў і сведак, якімі часта з`яўляюцца блізкія людзі.
   Выстава ўяўляе сабой своеасаблівы экспазіцыйны нарыс, дзе апавядальнікамі выступаюць маладыя людзі, якія ўспрымаюць вайну толькі скрозь прызму розных меркаванняў, кніжных гісторый, кінахронікі і мастацкіх фільмаў. Інтэрпрэтацыя падзей Вялікай Айчыннай і Другой сусветнай войнаў адбываецца праз інтэрв`ю, вынікі пошукавай работы школьнікаў і студэнтаў, асабістыя (сямейныя) гісторыі, пошукі і знаходкі школьных музеяў, малюнкі дзяцей, навучэнцаў мастацкіх школ, якія будуць экспанавацца на выставе.
   Экспазіцыя будзе цікавай як для маладых людзей, для якіх яна стане своеасаблівай магчымасцю расказаць пра сябе, радзіму, вайну і мір, так і для сямейнага наведвальніка, паколькі важна, каб у гэты сур`ёзны дыялог былі ўключаны людзі розных узростаў.
   Праект мае шырокую сацыяльную накіраванасць, бо дадзеная тэма застаецца актуальнай для ўсёй сусветнай супольнасці, паколькі гэтая вайна не скончана да таго часу, пакуль існуе пагроза міру.
   Выстава запрашае да адкрытага дыялогу аб вайне і міры ўсіх: і тых, хто сам перажыў увесь жах гэтай трагедыі, і тых, хто даведаўся аб гэтай вайне з вуснаў непасрэдных сведак, але асабліва тых, хто ведае аб ёй толькі з кніг і кінафільмаў. WARSTORY - гэта гісторыя аб вайне, расказаная намі для нас саміх, каб зразумець, каб памятаць, каб не паўтарылася ...
   Прыходзьце!

001

002

003

004

005

006

007