Выстава Святланы Бацуновай
14 ліпеня 2015

   Упершыню ў нашым горадзе будуць прадстаўлены работы майстра дэкаратыўна-прыкладной творчасці Святланы Бацуновой: вышыўка і аўтарскія лялькі.
   Святлана Іванаўна Бацунова – чалавек надзвычайнага таленту. Калі ў поле зроку на рознага роду мерапрыемствах (а гэта і персанальныя выставы, і ўдзел у выставах дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, і розныя фестывалі і святы) трапляюць работы гэтага майстра, яны не адпускаюць ад сябе: хочацца яшчэ доўга іх разглядаць, любавацца і захапляцца імі.  Аўтар, узяўшы іголку ў рукі, шывок за шыўком выцясняе шэрыя фарбы з нашых будняў, надзяляючы жыццё яркімі квяцістымі колерамі і дабром. Вось адна з іх, вышытая  крыжыкам, - «Дзяўчына з жамчужнай завушніцай» (па карціне Я. Вярмеера). У загадкавым поглядзе, у лёгкім павароце галавы дзяўчыны, яе  усмешцы – і летуценнасць, і непасрэднасць, і прыцягальнасць. Нават не верыцца,  што  гэта  вышыўка!  Архітэктар па адукацыі, Святлана Іванаўна ў душы - мастак. Работы па карцінах вялікіх майстроў яна робіць з рэпрадукцый, бо разумее, што любая схема недасканалая. Яе лічаць майстрам твару, у яе – свая адмысловая тэхніка. У калекцыі майстра з 200 работ 30 выкананы па палотнах вядомых  мастакоў, сярод  якіх  В. Ван Гог, Ван Дэйк, Я. Вярмеер, Р. Санці, Л. да Вінчы, В. Паленаў, І. Шышкін, А. Саўрасаў, І. Левітан, Б. Кустодзіеў і інш.
   Святлана Іванаўна – прызнаны майстар вышывання крыжыкам, гладдзю, але яе прыцягваюць і лялькі Цільды (ад англ. Tild - лялька, якая была створана нарвежскім дызайнерам Tone Finnanger ў 1999 годзе і атрымала шырокае распаўсюджванне па ўсім свеце). Яе лялькі – наймілейшыя стварэнні, вельмі непасрэдныя, усе як на падбор модніцы, і ў кожнай свой характар...  Уся гэтая створаная Святланай Іванаўнай прыгажосць напаўняе жыццё адчуваннем свята, падахвочвае самому ўзяць у рукі іголку, ніткі, тканіну, адным словам, тварыць!
   Каб  пералічыць  усе  персанальныя  выставы  Святланы Бацуновой, не хопіць пальцаў рук. У маскоўскім конкурсе па прыкладным мастацтве ў некаторых намінацыях яна ўвайшла ў дзесятку лепшых вышывальшчыц краін СНД. Неаднаразова ўзнагароджвалася дыпломамі як удзельніца-пераможца  рэспубліканскіх конкурсаў вышыўкі. Яе працы раз`ехаліся па ўсім свеце: у Ізраіль, Арабскія Эміраты, Германію, Англію.
   А яшчэ Святлана Іванаўна ўвасобіла ў жыцце мару многіх жанчын аб гардэробе, дзе ёсць паўтары сотні пар туфляў. Праўда, яе абутак мініяцюрных памераў. Калекцыя абутку налічвае больш за 120 экзэмпляраў, выкананых са шкла, керамікі і фарфору. Туфлі, чаравікі, боты і лапці - за кожным экспанатам цэлая жыццевая гісторыя. Усе яны ў розныя гады былі набыты Святланай Бацуновой або падараваны ёй сябрамі.
   Уся гэтая прыгажосць: 47 работ вышыўкі, 19 лялек, 122 пары мініяцюрных туфлікаў, 27 чайнічкаў і самавараў з асабістых калекцый Святланы Бацуновой – чакае вас на выставе ў Магілёўскім абласным краязнаўчым музеі з 15 ліпеня. Прыходзьце і парадуйцеся! Тым больш, цэны вельмі дэмакратычныя!  Кошт уваходнага білета для дарослых 8 800 руб., для дзяцей 4 400 руб.

001

002

003

004

005