Выстава «МАДЭРН - ЭПОХА ЖАНОЦКАСЦІ»
01 сакавіка 2016

26 лютага 2016 года 
у Магілёўскім абласным краязнаўчым музеі імя Е. Р. Раманава
адкрылась выстава 

«МАДЭРН - ЭПОХА ЖАНОЦКАСЦІ»
Музея гісторыі моды Марыны Івановай (г. Кіеў). 

   Выстава прапануе акунуцца ў неверагодны свет моды перыяду 1870-1940-х гг., які атрымаў назву Belle Epoque або «эпоха Мадэрн».
   Мода гэтага перыяду адрозніваецца эклектычнасцю, спляценнем розных стыляў, разнастайнасцю раскошных лёгкіх тканін – шоўку, шыфону, мусліна, цюлю. На выставе будуць прадстаўлены некалькі дзесяткаў арыгінальных, вытанчаных жаночых ансамбляў канца XIX - пачатку ХХ стагоддзяў, прадастаўленых Кіеўскім Музеем гісторыі моды Марыны Івановай (http://marina-ivanova.kiev.ua,https://www.facebook.com/museiistoriimodi), калекцыя якога фармавалася на працягу 30 год і налічвае больш за 100 сапраўдных гістарычных касцюмаў і некалькі сотняў аксесуараў XVIII – XX стст. з Украіны, Заходняй Еўропы, Амерыкі. 
   На працягу апошніх чатырох гадоў калекцыя Музея гісторыі моды экспанавалася ў многіх музеях Украіны, сярод якіх Нацыянальны музей мастацтваў імя Багдана і Варвары Ханенкі (г. Кіеў, 2011), Нацыянальны музей імя Андрэя Шаптыцкага (г. Львоў, 2012), Музейна-выставачны цэнтр Музея гісторыі горада Кіева (г. Кіеў, 2012), Данецкі абласны мастацкі музей (г. Данецк, 2013), Кіеўскі Планетарый (г. Кіеў, 2013), Арт-цэнтр Я. Грэтэра (г. Кіеў, 2014). Падарожжа выставы па Беларусі пачалося ў 2015 г. Яна паспяхова прайшла ў Мінскім Нацыянальным гістарычным музеі, Гомельскім палацава-паркавым ансамблі Паскевічаў, Гродзенскім музеі гісторыі рэлігіі і з 26 лютага будзе экспанавацца ў Магілёўскім абласным краязнаўчым музеі імя Е. Р. Раманава.
   Адметнасцю выставы «Мадэрн – эпоха жаноцкасці» стануць бальная сукенка з узорам у выглядзе папараці і візітная сукенка нябесна-блакітнага колеру, апрацаваная ірландскімі карункамі 1910 года, з сям`і Івановых. Наведвальнікі змогуць пазнаёміцца і з жамчужынай музейнага збору Музея гісторыі моды - «дзіцячым пакоем». Гэта збор дзіцячых цацак, веласіпедаў, калясак, калекцыя лялек і іх ўбораў і т. п.
   «Калі з`явіліся дзіцячыя касцюмы, хацелася, каб каля іх нешта стаяла – веласіпедзікі ў выглядзе конікаў, напрыклад, у мяне ёсць 1890 года качалачкі, каляскі. А туды хочацца пасадзіць мядзведзяня або ляльку. І мы пачалі рабіць дзіцячыя пакоі, дзе шмат цацак. Гэта заўсёды прыцягвае людзей», – кажа Марына Іванова аб фарміраванні «дзіцячага пакоя».
Музейны збор Марыны Івановай з`яўляецца сапраўднай і выдатна захаванай калекцыяй, дзе экспанаты створаны ў адзіным экзэмпляры з неверагодным майстэрствам і густам. Абавязкова прыходзьце убачыць гэтую прыгажосць! 
   Наведвальнікі выставы ў дзень адкрыцця, 26 лютага 2016 г. у 15.00 г.,  змогуць у поўнай меры акунуцца ў выдатную атмасферу Эпохі Мадэрн, дзякуючы выступленню студыі моды «Ледзі Шарм» пад кіраўніцтвам І. Катоўскай, народнага камернага ансамбля «Элегія» ДМШ №4 пад кіраўніцтвам Т. М. Лазарэнкі і навучэнцаў Магілёўскага Дзяржаўнага каледжа мастацтваў.
   Галоўнай падзеяй на адкрыцці выставы стане аўтарская экскурсія захавальніка калекцыі Марыны Івановай. Наведаць выставу жыхары Магілёва і яго госці змогуць да 2 мая 2016 г. Не прапусціце!

001

002

003

004

005

006

007