У рамках рэалізацыі Міжнароднага праекта «Тэрыторыя Перамогі», які аб`ядноўвае 250 музеяў і ваенна-гістарычных цэнтраў Расіі і замежных краін, у Магілёўскім абласным краязнаўчым музеі ім. А. Р. Раманава з 2 лютага па 12 мая 2023 года рэалізуюцца электронныя фотадакументальныя выставачныя праекты «Сталінград 1942-1943. Сімвал мужнасці і гераізму» і «Іскра надзеі», прадстаўленыя Дзяржаўным гісторыка-мемарыяльным музеем-запаведнікам «Сталінградская бітва» г. Валгаграда і Федэральнай дзяржаўнай установай культуры Расійскай Федэрацыі «Цэнтральны музей Вялікай Айчыннай вайны 1941-1945 гг.» пры ўдзеле музея-запаведніка «Прарыў блакады Ленінграда».
Выстаўка «Сталінград 1942-1943. Сімвал мужнасці і гераізму» асвятляе гісторыю Сталінградскай бітвы як адной з ключавых падзей Другой сусветнай вайны. У склад выставы ўваходзяць фатаграфіі, дакументы, карты і схемы са збору Музея-запаведніка «Сталінградская бітва», якія ілюструюць як працу военачальнікаў, так і бяспрыкладную мужнасць простых салдат.
Выстаўка «Іскра надзеі» прысвечана прарыву блакады Ленінграда, які адбыўся 18 студзеня 1943 года. Выставачны праект дае магчымасць пагрузіцца ў малавядомыя старонкі гісторыі аперацыі «Іскра», якая пачалася 12 студзеня 1943 года і завяршылася прарывам блакады Ленінграда. Дакументы, плакаты, малюнкі франтавых мастакоў з фондаў Музея Перамогі, фатаграфіі і сюжэты дыярамы «Прарыў блакады Ленінграда» дазваляюць прайграць храналогію гэтай унікальнай ваеннай аперацыі, паказаць яе адважных удзельнікаў і слаўных герояў.