Год культуры
05 лютага 2016

год культуры  

   Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 28 снежня падпісаў указ нумар 522 "Аб аб`яўленні 2016 года Годам культуры", паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускага лідара. Указ прыняты ў мэтах аб`яднання інтэлектуальных і духоўных сіл грамадства для вырашэння задач сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны, захавання гісторыка-культурнай спадчыны, развіцця народных традыцый, выхавання ў грамадзян любові да Айчыны, а таксама падтрымкі творчых ініцыятыў.
   Ураду даручана сумесна з аблвыканкамамі і Мінскім гарвыканкамам распрацаваць і зацвердзіць рэспубліканскі план мерапрыемстваў па правядзенні ў 2016 годзе Года культуры, які закранае ўсе сферы дзейнасці (культура вытворчасці і земляробства, культура сямейных адносін і быту, культура добраўпарадкавання населеных пунктаў).
   Значная ўвага будзе ўдзелена мерапрыемствам у сферы мастацкай культуры, якая з`яўляецца адным з асноўных сродкаў выхавання ў моладзі патрыятызму і павагі да Радзімы. Таксама прадугледжваецца комплекс мерапрыемстваў, звязаны са знакавымі для культуры Беларусі юбілейнымі датамі.

министр культуры

   29 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Год культуры ў Беларусі будзе багаты на юбілейныя падзеі, паведаміў у інтэрв`ю карэспандэнту БЕЛТА міністр культуры Барыс Святлоў. "У календары 2016 года шэраг юбілейных дат. 25 гадоў "Славянскаму базару". Гэта падзея звязана з нашай навейшай гісторыяй. 75 гадоў з дня нараджэння Уладзіміра Мулявіна - гэта таксама наш сучасны здабытак. Будзе адзначацца 95-годдзе з дня нараджэння Івана Шамякіна, 120-годдзе з дня нараджэння Кандрата Крапівы, 125-годдзе з дня нараджэння Максіма Багдановіча. Будзе весціся падрыхтоўка да мерапрыемстваў з нагоды святкавання юбілеяў Янкі Купалы, Якуба Коласа ў 2017-м. Чакаецца, што Кодэкс аб культуры будзе прыняты, а гэта таксама знакавая падзея, якая дае падставы гаварыць аб сістэматызацыі прававых асноў культурнай дзейнасці", - падкрэсліў міністр культуры. У цэлым у 2016 годзе будзе актуальнай тэма папулярызацыі беларускага мастацтва, яркіх імён беларускай культуры.
   Як расказаў кіраўнік ведамства, ініцыятыва назваць 2016-ы Годам культуры прыйшла ад творчых людзей, і міністэрства яе ахвотна падтрымала. Гэта прапанова не падказана звонку, не стала перайманнем, паўтарэннем чужых ідэй. "Мы абапіраліся на логіку развіцця краіны і яе адлюстравання ў грамадскай свядомасці. Заканчваецца Год моладзі. На мой погляд, адбываецца плаўны пераход ад яго да Года культуры. Паколькі моладзі для сацыялізацыі неабходны нейкі механізм, і культура - адзін з іх. Каб уключыцца ў грамадства, маладыя людзі павінны быць акультураны. Але размова ідзе не проста аб мастацкай культуры, а аб культуры ў шырокім разуменні. Гэта і культура быту, вытворчасці, і культура чалавечых адносін", - сказаў Барыс Святлоў.
   Чытаць поўнасцю: http://blr.belta.by/culture/view/god-kultury-u-belarusi-budze-bagaty-na-jubilejnyja-padzei-42005-2015/
   Пры любым выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на blr.belta.by абавязковая.