У Магілёўскім абласным краязнаўчым музеі імя Е.Р. Раманава да 70-годдзя вызвалення Магілёўскай вобласці ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў адкрыты Зала Славы (рээкспазіцыя) і выстава «Наша памяць - вайна».
Тэматычная структура экспазіцыі Залы Славы:
1. «Партызанскі рух на тэрыторыі Магілёўскай вобласці». 1943 - 1944 гг.
2. Вызваленне Магілёўскай вобласці ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
3. Землякі на франтах Вялікай Айчыннай вайны.
4.Увекавечванне памяці аб Вялікай Айчыннай вайне. Сустрэчы ветэранаў.
У экспазіцыі прадстаўлена больш за 300 экспанатаў з фондаў музея: фотаздымкі, дакументы, прадметы зброі, у тым ліку самаробнай і трафейнай, мінашукальнік ВІМ-625 узору 1942 г., нагруднік воіна штурмавых інжынерна-сапёрных брыгад, малюнкі партызанскіх мастакоў, рукапісныя схемы, выкананыя ўдзельнікамі вызвалення Магілёўскай вобласці, падзякі, граматы, рэдкія ўзнагароды, мемарыяльныя рэчы. Асобны комплекс склалі трафейныя рэчы, у тым ліку і захопленыя пры вызваленні Магілёва і вобласці. Многія прадметы экспануюцца ўпершыню.
На выставе «Наша памяць - вайна» прадстаўлены матэрыялы з фондаў Магілёўскага абласнога краязнаўчага музея і Магілёўскага абласнога гісторыка-патрыятычнага пошукавага клуба «Віккру»: фотаздымкі, дакументы, мемарыяльныя рэчы, франтавыя лісты ўдзельнікаў вызвалення вобласці, жывапіс на ваенную тэматыку. Асабліва цікавыя прадметы, знойдзеныя пры раскопках (прадметы зброі, боепрыпасы, смяротныя медальёны, бытавыя рэчы), і здымкі, якія ілюструюць працэс пошуку, сустрэчы з ветэранамі, урачыстыя мерапрыемствы, 8 выпускаў выдання «Магілёўскі пошукавы веснік» (2001 - 2013 гг.).
Цэнтральнымі экспанатамі з`яўляюцца фрагменты самалета Пе-2: вінт, шасі і поршань. Іх знайшлі ў кастрычніку 2013 года падчас правядзення палявых работ каля вёскі Макаранцы Магілёўскага раёна. Як высветлілася пазней, савецкі пікіруючы бамбардзіроўшчык упаў у чэрвені 1944 года пасля таго, як яго падбіў нямецкі знішчальнік на вышыні 6000 м. Сярод экспанатаў можна вылучыць нямецкі бак з крыжом для пітной вады, знойдзены на тэрыторыі Савецкай плошчы г. Маглёва, шкляную пляшку з вадой (1941 г.), якую знайшлі на вышыні Уладзімірава ў весцы Гаі.