Жывапіс
Раздзел жывапісу ў калекцыі "Выяўленчае мастацтва" выглядае больш поўна за іншыя раздзелы. Перыяд 50-х гадоў прадстаўлены працамі магілёўскіх мастакоў: Шкляра А.С., Федарэнкі М.М., Аляксеева Н.С., Карповіча Э.Я. У пачатку 1960-х гадоў калекцыя папоўнілася творамі вядомых беларускіх мастакоў з фондаў Дзяржаўнага мастацкага музея БССР. Атрыманыя працы даюць яркае ўяўленне аб сацыялістычным рэалізме ў беларускім мастацтве 1950- х гадоў. «Суровы стыль» прадстаўлены ў калекцыі раннімі творамі Шпартава Ул.Н. У 70 -80-я гады калекцыя папаўнялася працамі Масленікава П.В., Асецкага Л.П., аўтарскімі варыянтамі вядомых работ Малішэўскага А.А., а таксама калекцыямі работ Яўмененкі Ф.К., працамі ўдзельнікаў Першага Міжнароднага пленэра 1987 г., у якім бралі ўдзел мастакі Беларусі, Польшчы, Балгарыі. На працягу ўсяго часу калекцыю фармавалі працы магілёўскіх мастакоў, членаў СМ БССР, пазней - СМ РБ. Пры фарміраванні калекцыі перад стваральнікамі стаяла задача прадставіць творчасць магілёўскіх мастакоў з улікам спецыфікі краязнаўчага музея. Тым самым атрымалася паказаць суцэльны зрэз мастацкага жыцця Магілёва і Магілёўшчыны на перыяд 1970- 90-х гадоў. Гэты раздзел папоўнілі працы магілёўскіх мастакоў: Шпартава Ул.Н., Ліханенкі М.І., Несцярука Ю.М , Таболіча Г.Ф., Таболіч М.Я., Конанавай Г.М., Юркова В., Юркова В.І., Суворава А.Б. Невялікі раздзел у калекцыі прадстаўлены творамі самадзейных мастакоў, сярод якіх асаблівай выразнасцю вылучаюцца працы Букасава П.В. Сярод іканапісных работ прысутнічаюць іконы, напісаныя тэмпернымі фарбамі (XVII - XVIII стст.) , так і напісаныя алеем ( XIX ст.). Асаблівае месца ў калекцыі займаюць іконы XVII ст. , якiя належаць магілёўскай школе. Гэта «Св. Мікалай» , «Ілля Прарок» , «Сцэна з жыцця Св. Юрыя», двухбаковы абраз "Маці Божая Бялыніцкая і Архістратыг Міхаіл». Магілёўская іканапісная школа XVIII ст. прадстаўлена клеймамі іканастасаў у разьбяных абрамленнях, якія з'яўляліся часткай цэласных жывапісна-скульптурных комплексаў, характэрных для гэтага перыяду; драўлянымі складнямі і абразамі з рэдка сустракаемымі трактоўкамі сюжэтаў: «Хрыстос у Іерусалімскім храме», «Ян Хрысціцель», «Троіца Новазапаветная», «Бог Саваоф», «Страшны суд», «Тайная вячэра», «Маці Божая Магілёва-Брацкая» і інш. У цэлым, магілёўская іканапісная школа ўяўляе ўзоры самабытнага і арыгінальнага жывапісу з багатай маляўнічай палітрай, разьбянымі фонавымі арнаментамі, традыцыйным іканапісным канонам, гуманістычным ідэалам. Асабняком у калекцыі стаяць чатыры іконы Баравікоўскага Ул.Л., якія былі напісаны для магілёўскага Іосіфаўскага сабора ў свецкай, рэалістычнай манеры. Сярод абразоў XIX ст. вылучаецца вобраз «Маці Божай Магілёва-Брацкай».