Скульптура
Асаблівае месца ў раздзеле належыць культавай скульптуры канца XVII - XVIII стст. Канцом XVII ст. датуюцца дзве фігуры Прадстаячых са Спасскага сабора, фігура святой Тэрэзы. Яркімі ўзорамі стылю барока, якія адносяцца да першай паловы XVIII ст., з'яўляюцца фігуры апосталаў Пятра і Паўла, фігура святой Марыі Магдаліны, Распяцце, фігуркі анёлаў, што некалі ўпрыгожвалі алтары каталіцкіх і ўніяцкіх храмаў. Фігуры святых некалі былі пакрытыя паліхромным роспісам, які ажыўляў твары святых, падкрэсліваў складкі адзення і пластыку фігур. Сёння паліхрамія іх амаль цалкам страчана. У XIX ст. выраб каталіцкай драўлянай скульптуры працягваўся. У якасці прыкладу - фігуры Манаха, святога Яна Непамуцэна. Раздзел скульптуры прадстаўлены партрэтамі - бюстамі і барэльефамі, якія прадстаўляюць розных гістарычных і грамадскіх дзеячаў; кампазіцыямі, пераважна з дрэва, на казачныя і іншыя тэмы; станковай круглай скульптурай. Сярод апошняй групы можна вылучыць такія скульптурныя творы, як «Гусляр» Зільберта Ф.Ф., «Архіепіскап Георгій Каніскі» Аляксеева К.І., а таксама гіпсавыя бюсты Леніна У.І. работы скульптара Яцына П.П. Сярод работ, якія належаць колу самадзейных майстроў, вылучаюцца працы Іванчанкі Р.Я., выкананыя з дрэва па матывах народнага фальклору. Дробная пластыка ў калекцыі прадстаўлена невялікай колькасцю работ прафесійных скульптараў. Сярод іх вылучаюцца жанравыя сцэнкі, поўныя добрага народнага гумару мастака Ваўкавога В.С., а таксама работы Окуня І.М., якія прадстаўляюць даволі рэдкі ў нас анімалістычны жанр. І той і іншы майстар працуюць з такім матэрыялам, як дрэва. Сярод твораў дробнай пластыкі ёсць працы, выкананыя з металу і гіпсу. Гэта бронзавыя бюсты, якія прадстаўляюць гістарычных дзеячаў - Кацярыну II, Мікалая I; бюсты гіпсавыя, якія прадстаўляюць рускіх палкаводцаў, мастакоў, пісьменнікаў. Асобная старонка калекцыі прысвечана адлюстраванню Ленініяны; вылучаюцца работы, выкананыя спосабам каслінскага ліцця.