Халодная зброя
Калекцыя халоднай зброі музея налічвае больш за 200 прадметаў. Большая частка ўзораў паступіла ў музей у 1960- я гады з музеяў СССР. Калекцыя дазваляе прасачыць у агульных рысах эвалюцыю зброі са старажытных часоў да Другой сусветнай вайны. Халодная зброя музея ўключае тры асноўныя групы: клінковае (мячы, шпагі, шаблі, палашы, нажы, кінжалы, цесакі), дрэўкавае (дзіды, пікі, алебарды, пратазаны, эспантоны), ударнае (мачугі, булавы, баявыя сякеры). Кожная група халоднай зброі прайшла свой шлях гістарычнага развіцця. Адным з самых старажытных і найбольш распаўсюджаных відаў дрэўкавай зброі было кап’ё . У калекцыі музея больш за 60 разнавіднасцяў коп’яў: цяжкія доўгія коп’і для пешых воінаў, больш лёгкія для конных, лёгкія кароткія для кідання. У фондах прадстаўлены і іншыя ўзоры зброі на дрэўках: алебарды, бярдышы, эспантоны, пратазаны. Клінковая зброя прадстаўлена ў калекцыі найбольш поўна. Гэта мячы, шаблі, шпагі, шашкі, ятаганы, палашы, цесакі, кінжалы, штыкі. Расійская халодная зброя другой паловы ХХ ст. прадстаўлена зборам парадных афіцэрскіх корцікаў розных родаў войскаў. У калекцыі корцікаў ёсць узоры, якія належалі нямецкім афіцэрам, узятым у палон пры вызваленні г. Магілёва, у тым ліку корцік, які належаў генерал-каменданту крэпасці Магілёў генерал-маёру Эрмансдорфу. У калекцыі музея шырока прадстаўлены мемарыяльныя рэчы. Гэта клінок Асмана Касаева, камандзіра 121 партызанскага атрада, шашка камандзіра 20 мех. корпуса А.І. Яроменкі, корцікі лётчыка-знішчальніка А.Ф. Манькоўскага, сябра Магілёўскага падпольнага камітэта С.Г. Сідарэнкі, шашка ўдзельніка абароны Магілёва А.С. Рудакова, кінжал генерала М.Г.Чарняева, нож паляўнічы, падараваны калегамі 9 мая 1945 г. Герою Савецкага Саюза А.М. Нікалаенку, кінжал Героя Савецкага Саюза А.Д. Шамянкова і інш.