Агнястрэльная зброя
Калекцыя агнястрэльнай зброі музея налічвае больш за 150 прадметаў. Яна прадстаўлена ўзорамі кнотавай, калясцовай, крэмневай, капсульнай, а таксама казназараднай зброі XVII-XX стст. як расійскай, так і заходнееўрапейскай вытворчасці. Асобную групу складаюць узоры ўсходняй зброі. У калекцыі прадстаўлены шведскія калясцовыя пісталеты часоў Паўночнай вайны; паляўнічая зброя Італіі, Францыі, Германіі і іншых краін Заходняй Еўропы; крэмневыя стрэльбы і пісталеты Турцыі, Балкан і Каўказа, якія адрознівае багатае і разнастайнае аздабленне, капсульныя стрэльбы і пісталеты, вырабленыя збройнікамі Тулы. У музейным зборы ёсць таксама казназарадная зброя. У пачатку 80- х гадоў ХІХ ст. паўстала пытанне аб пераўзбраенні рускай арміі малакалібернай вінтоўкай. Пасля праведзеных іспытаў на ўзбраенне была прынята вопытная вінтоўка канструкцыі С.І. Мосіна пад назвай "3-линейная винтовка образца 1891 г.". У калекцыі музея маюцца і вышэйназваны ўзор і створаныя пазней на яго базе мадэрнізаваныя вінтоўкі і карабіны. У музеі прадстаўлены ўзоры многіх тыпаў аўтаматычнай стралковай зброі, створанай як замежнымі, так і айчыннымі канструктарамі ў XIX-XX стст. Першы ўзор такой зброі, прыняты на ўзбраенне, сканструяваў амерыканскі вынаходнік Х.Максім. Станковы кулямёт сістэмы Максім знайшоў прымяненне ў многіх краінах, у тым ліку ў Расіі. Тульскія майстры ўдасканалілі яго і ў 1908 г. гэты ўзор быў прыняты на ўзбраенне рускай арміі пад назвай " Станковый пулемет системы Максима обр. 1910 г.». У экспазіцыі і фондах музея прадстаўлены вопытныя ўзоры аўтаматычных вінтовак, карабінаў, пісталетаў-кулямётаў, распрацаваных канструктарамі В.А. Дзегцяровым , Ул.Р. Фёдаравым , Г.С. Шпагіным , Ф.В. Токаравым , С.А. Каровіным і іншымі. Сярод узораў замежнай вытворчасці - японская вінтоўка Арысака, Вінчэсцер, карабіны сістэмы Маўзер. Самастойны раздзел у зборы музея прадстаўляюць рэвальверы і пісталеты. У калекцыі прадстаўлены рэвальверы, створаныя ў 1866 нямецкімі прамыслоўцамі братамі В. і П. Маўзерамі, рэвальверы сістэмы бельгійскага збройніка Л.Нагана і рэвальвер часоў грамадзянскай вайны Бульдог. Падчас баявых дзеянняў таксама шырока выкарыстоўваліся пісталеты. У 1897 г. Д. Браўнінг прапанаваў новую мадэль пісталета, якая хутка заваявала папулярнасць і была названая яго імем. У калекцыі маюцца пісталеты Браўнінга, а таксама Маўзера, названыя ў свой час " цудам пісталетамі - карабінамі ". У фондах музея прадстаўлены мемарыяльныя ўзоры агнястрэльнай зброі: пісталеты сістэмы Маўзер і Браўнінг, якія належалі аднаму з арганізатараў партызанскага руху на Магілёўшчыне Г.А. Кірпічу, рэвальвер сістэмы Маўзер камандзіра партызанскага атрада Асмана Касаева, браўнінг удзельніка 1-й і 2-й сусветных войнаў Героя Савецкага Саюза А.Д. Шамянкова, нямецкі пісталет камандзіра 425 партызанскага атрада М.П. Куракіна, бельгійскі браўнінг Героя Савецкага Саюза, арганізатара партызанскага руху на Магілёўшчыне М.Ф. Каралева і генерал-лейтэнанта І.В. Болдзіна, які вызваляў наш горад. Вялікую цікавасць уяўляюць вінтоўка дробнакаліберная, якая належала нашаму земляку - выдатнаму навукоўцу О.Ю. Шміту, і паляўнічая зброя нямецкай фірмы "Заўэр" - падарунак магілёўцу палкоўніку Ціханаву І.А. за выдатную працу на манеўрах ад Міністра абароны СССР маршала Жукава Г.К.