Рукапісы і старадрукі
Наша калекцыя складаецца з рукапісаў і друкаваных выданняў, датаваных ХVI - XXI стст. У першую чаргу яна ўключае ў сябе кнігі, альбомы, брашуры, буклеты, адбіткі навуковых прац, перыядычныя выданні. Састаўной часткай калекцыі з'яўляюцца і некаторыя іншыя разнавіднасці друкаванай прадукцыі: экслібрысы, камплекты фотацінтагравюр з партрэтамі выдатных гістарычных дзеячаў, з выявай ваеннай формы, з архітэктурнымі відамі; тэматычныя камплекты мастацкіх паштовак, календары і інш. Арыгінальныя рукапісы і старадрукі, якія адносяцца да XVI ст. - сярэдзіны ХІХ ст., з'яўляюцца асабліва каштоўнымі прадметамі калекцыі. Найбольш стары рукапіс нашага збору захаваўся ў кнізе-канвалюце XVIII стагоддзя. У гэтай кнізе разам з друкарскім тэкстам "Артыкул воінскага" 1744 (Трэцяе перавыданне воінскага статута Пятра І) змяшчаецца спіс ад рукі "Статута воінскага» на 1719. Рукапіс напісаны рознымі почыркамі на паперы з вадзянымі знакамі. Друкарскі тэкст знаходзіцца ў сярэдзіне кнігі. Рукапісны тэкст з друкарскім былі пераплецены ў адну кнігу прыкладна ў 1740-1750 -я гады. Самая старажытная друкаваная кніга калекцыі выйшла ў свет у 1590 г. Гэта кароткія каталіцкія пропаведзі або Пасціла на старапольскай мове, складзеная Якубам Вуекам, вядомым польскім тэолагам-езуітам. Кніга надрукавана гатычным шрыфтам у Кракаве ў друкарні Анджэя Петркоўчыка. Са старадрукаваных кніг на рускай мове асаблівую цікавасць уяўляе сабой трактат па ваеннай справе Іагана Якобі фон Вальгаўзена "Вучэнне і хітрасць ратнага строю пяхотных людзей", які быў надрукаваны ў Маскве ў 1647 г. у другі год царствавання гасудара Аляксея Міхайлавіча. У 1649 г. кніга была дапоўнена гравюрамі, надрукаванымі за мяжой. Кніга з'яўляецца першым свецкім выданнем, надрукаваным кірыліцай у Маскоўскай друкарні. У калекцыі ёсць унікальныя старадрукаваныя кірылічныя кнігі з праваслаўнай друкарні, якая існавала ў XVII стагоддзі пры Магілёўскім брацкім Богаяўленскім манастыры. Гэта твор Кірылы Транквіліона Стаўравецкага "Перло многоценное" з надпісам на тытуле: " Сия книга, названная Перло многоценное, составлена Кириллом Транквилионом проповедником слова Божия / типом изобразися в богоспасаемом граде Могилеве / в друкарни Максима / В лето от рождества Христово 1699; а таксама "Псалтыр", надрукаваны ў 1705 годзе. Гэтыя рэліквіі мясцовага старадаўняга кнігадрукавання былі перададзены Магілёўскаму абласному музею ў 1955 годзе з Масквы з Дзяржаўнага гістарычнага музея. Яны ўнесены ў зводны рэспубліканскі каталог " Кніга Беларусі" ( 1517-1917 ) . Мінск , 1986 г. Пры камплектаванні калекцыі надаецца асаблівая ўвага збору крыніц, прысвечаных гісторыі Беларусі і Магілёўшчыны. Адной з самых рэдкіх кніг гэтай тэматыкі з'яўляецца зборнік "Беларускі архіў старажытных грамат", выдадзены ў Маскве ў 1824 г. вядомым археографам Іванам Іванавічам Грыгаровічам з дапамогай былога дзяржаўнага канцлера графа Н. П. Румянцава. Кніга змяшчае 57 старажытных грамат, якія тычацца ў асноўным магілёўскай гісторыі XV - XVIII стст. Аб старажытнай гісторыі Магілёва апавядае і знакамітая "Хроніка Беларускага горада Магілёва". У калекцыі маюцца ксеракопіі рукапісаў хронікі і некалькі асобнікаў на рускай мове, надрукаваных у 1887 г. у перакладзе і з каментарамі Н.Г. Гартынскага.