Друкаваныя выданні
На падставе старажытных крыніц, якія дайшлі да 1880- х гадоў, па ініцыятыве губернатара Аляксандра Станіслававіча Дэмбавецкага Магілёўскай тыпаграфіяй губернскага праўлення ў 1882-1884 гг. была надрукавана калектыўная праца "Вопыт апісання Магілёўскай губерніі ў трох кнігах у гістарычных, фізіка-геаграфічных, этнаграфічных, прамысловых, сельскагаспадарчых, лясных, навучальных, медыцынскіх і статыстычных адносінах з дзвюма картамі губерніі і 17 рэзанымі на дрэве гравюрамі відаў і тыпаў, складзеных па праграме і пад рэдакцыяй старшыні Магілёўскага губернскага статыстычнага камітэту А.С. Дэмбавецкага". Калекцыя змяшчае два поўных камплекта. Першы том аднаго з іх утрымлівае аўтограф выдаўца А. С. Дэмбавецкага. Вынікам дзесяцігадовага існавання Магілёўскага музея дзекабрыстаў (філіяла абласнога краязнаўчага музея) з'явіўся значны ўклад у калекцыю рарытэтных рускіх і заходнееўрапейскіх выданняў XVIII - пач. XX стст., якая налічвае каля 1500 адзінак захоўвання. Сярод іх: калекцыя кніг з сям'і дзекабрыста П.Цітова (член Магілёўскай управы Паўночнага таварыства), поўны камплект паэтычнага альманаха "Палярная зорка" ( 1823-1825 гг.), К. Рылеева і А. Бястужава, асобныя выданні прац дзекабрыстаў і іх сучаснікаў, зграбныя томікі поўнага збору твораў Вальтэра, Руссо. Прыжыццёвыя выданні Аляксандра Сяргеевіча Пушкіна складаюць прадмет нашага гонару, бо яны досыць рэдкія ў фондах беларускіх музеяў і бібліятэк. У дзекабрысцкім кніжным фондзе ёсць першае выданне паэмы А.С. Пушкіна "Бахчысарайскі фантан" (1824 г.), другое выданне "Браты - разбойнікі" (1827 г.), двухтомнік вершаў на 1829 г. Павышаюць каштоўнасць любой кніжнай калекцыі кнігі пра кнігі - даведачныя бібліяграфічныя выданні. Яны ўяўляюць сабой зборнікі з пералікам і кароткімі характарыстыкамі кніжных рэдкасцяў, алфавітныя і тэматычныя вопісы прыватных бібліятэк, а таксама кніжныя каталогі. Выключнай рэдкасцю з'яўляецца бібліяграфічнае выданне Васіля Сопікава "Вопыт Расійскай бібліяграфіі або поўны слоўнік твораў і перакладаў " С. Пецярбург, 1816 г., 1821 г. На жаль, з пяцітомніка ў калекцыі маюцца толькі два тамы. Пра ўзнікненне і развіццё беларускай кнігі (і не толькі пра гэта) распавядае ўнікальнае выданне гісторыка Вацлава Ластоўскага "Гісторыя Беларускай крыўскай кнігі. Спроба паясьніцельнай кнігапісі да канца Х - да пачатку ХІХ стагодзя. Выдана коштам Беларускага цэнтру ў Літве. Адціснута у друкарні Сакалоўскага і Лана. Коўна, 1926 г.". Паўнаважна дапаўняе кніжны збор нашага музея частка асабістай бібліятэкі знакамітага навукоўца, нашага земляка Ота Юльевіча Шміта, якая была перададзена яго сынамі ў 1980 годзе. Кожны экспанат калекцыі мае сваю непаўторную гісторыю і асаблівую каштоўнасць. Час спрыяе таму, каб любы музейны прадмет станавіўся неацэнным і ўнікальным. Тое, што папоўніць калекцыю сёння, магчыма, ужо праз 10 -20 гадоў будзе рэдкай і незвычайнай з'явай і раскажа будучаму даследчыку аб цяперашнім дне як аб мінулым.