Прырода
Прыродазнаўчая калекцыя налічвае больш за тысячу экспанатаў. У яе ўключаны матэрыялы, якія адпавядаюць розным геалагічным эпохам, пачынаючы з палеазойскай эры, прадстаўленай палеанталагічнымі матэрыяламі, да прадстаўнікоў сучаснай флоры і фаўны. У экспазіцыі можна ўбачыць рэшткі маманта, таксідэрмічныя скульптуры жывёл, у вялікіх тэматычных дыярамах - баброў, барсукоў, ласіху, ваўкоў і кабана. У адкрытым паказе прадстаўлена таксідэрмічная калекцыя птушак, якая налічвае больш за 25 сямействаў. Сярод іх ёсць рэдкія і знікаючыя віды: рыжая чапля, краншнэп, бугай, чомга. Тут можна ўбачыць і самую маленькую птушку нашай краіны - каралька. Вялікую цікавасць уяўляе гняздо сініцы-рэмеза. Гэта адно з самых майстэрскіх збудаванняў у птушыным свеце. Гняздо звычайнага рэмеза дзіўна нагадвае цёплую рукавічку з недавязаным вялікім пальцам. Уваход у гняздо ідзе праз «вялікі палец» - уваходную трубку даўжынёй каля 4-5 сантыметраў. У склад калекцыі ўключаны гербарыі раслін, муляжы гародніны, садавіны, грыбоў і ягад; асабістыя калекцыі мінералаў і горных парод. Цікавыя матэрыялы выдатнага геолага Ф.І. Вальфсона, ураджэнца Магілёўскай вобласці, які ўнёс вялікі ўклад у даследаванні рудных радовішчаў, аўтара больш за 230 навуковых прац, шэрагу дапаможнікаў па геалогіі карысных выкапняў. У экспазіцыі знаходзіцца калекцыя метэарытаў. Цікавым экзэмплярам з'яўляецца фрагмент Чарнаборскага метэарыта, які атрымаў сваю назву ад месца падзення, якое адбылося 5 ліпеня 1965 года ў в Чорны Бор Быхаўскага раёна Магілёўскай вобласці. У цэлым прадметы калекцыі даюць яркае ўяўленне аб прыродным багацці нашага краю.