Плакаты і ліставыя выданні
Калекцыя «Плакаты і ліставыя выданні» па сваім складзе з'яўляецца комплекснай, бо ў ёй захоўваюцца і выяўленчыя крыніцы (плакаты, насценгазеты і календары), і пісьмовыя (афішы, рукапісныя газеты, лістоўкі, у тым ліку сацыялістычныя абавязацельствы). Усяго ў калекцыі больш за 4 тысячы назваў. Асноўную частку калекцыі складаюць выяўленчыя плакаты савецкага перыяду (1918 - 1990 гг.). Усе яны ўяўляюць сабой друкаваную (тыражную) графіку. Плакаты, якія ўваходзяць у склад калекцыі, даюць даволі поўнае ўяўленне амаль пра ўсе перыяды развіцця мастацтва савецкага плаката. Сярод самых ранніх экзэмпляраў маюцца лісты, якія адносяцца да часоў Першай сусветнай вайны, гадоў станаўлення Савецкай улады і перыяду грамадзянскай вайны. Сярод іх: «Кто своею грудью не отражает врага, пусть покупает военный 5 ½ заем», "Геройская борьба казака Козьмы Крючкова с 11 немцами", "К миру и социализму", "Не страшны нам танки", "Нерешительный Митюха", "Красный и белый террор", "Деникинская банда", "Дай хлеба революции" і інш. Перыяд савецкага палітычнага плаката 1930-х гадоў прадстаўлены лістамі "Чапаев", "Интернационал", "Красный пахарь, поспеши с продналогом", "Рот-фронт", "Будь на чеку" і іншымі. Цікавы экзэмпляр, што паступіў ад нашчадкаў О.Ю. Шміта ў 1995 г. - ліст, падрыхтаваны Сакаловым-Скаля і выдадзены ў 1934 г. "Челюскинцам и спасшим их героическим лётчикам пламенный пролетарский привет!". Асаблівую групу складаюць плакаты перыяду Вялікай Айчыннай вайны. У ёй прадстаўлены сапраўдныя лісты "Фашизм – злейший враг … Все на борьбу с фашизмом!", "Смерть немецким оккупантам!", "Спаси!", "На Запад!", "Боец! Спаси этих ребят!", "Мой папа - герой!" і многія іншыя. У калекцыі захоўваюцца асобныя выпускі знакавых серый "Окна ТАСС" і "Боевой карандаш". Беларускія плакаты адлюстроўваюць развіццё гэтага жанру з 1940- х гг. Сярод іх, напрыклад, "На нашы палеткі, на нашы парогі …". Асноўная частка плакатаў у калекцыі - шматтыражныя савецкія выданні, якія адносяцца да 1950-1980- х гг. і якія прадстаўляюць усе накірункі і жанры той эпохі.