Грашовыя знакі
Нумізматычны збор музея адлюстроўвае гісторыю грашовага абарачэння многіх краін свету. Найбольш поўна ў ім прадстаўлены грашовыя знакі, якія ўжываліся на беларускіх землях. Тут і адзінкавыя помнікі нумізматыкі і баністыкі, і шматлікія скарбы, знойдзеныя на Магілёўшчыне, а таксама прыватныя калекцыі, якія ўяўляюць вялікую цікавасць для даследчыкаў. Добра вядома, што манеты і папяровыя грашовыя знакі – гэта не толькі найбольш распаўсюджаныя аб’екты калекцыяніравання, але і паўнацэнная гістарычная крыніца, насычаная багатай інфармацыяй. Гісторыя дзяржавы, яе палітычны лад, змена кіраўнікоў, асаблівасці развіцця – усё гэта знаходзіць адлюстраванне ў партрэтах, малюнках, надпісах, што прысутнічаюць на грашовых знаках. У сістэме грашовага ліку, назвах грашовых адзінак, у форме знака і выбары матэрыялу для яго вытворчасці, у вагавых паказчыках манет і чысціні пробы каштоўных металаў утрымлівецца інфармацыя, у роўнай ступені каштоўная і для пазнання гісторыі, і для адказаў на пытанні новага часу. Сярод помнікаў матэрыяльнай культуры няшмат знойдзецца такіх красамоўных сведкаў мінулага, як грашовыя знакі. Старажытныя манеты адносяцца да найбольш распаўсюджаных помнікаў мінулага. На гарадзішчах старажытных гарадоў манеты – самая звычайная знаходка, а арганізаваныя раскопкі здабываюць іх там сотнямі і тысячамі. Выпадкова знойдзеную старую манету або папяровыя “грошыкі” часцей за ўсё захоўваюць. Сам незвычайны выгляд яе ўжо прыцягвае ўвагу і прымушае цікаўнага чалавека пакінуць яе сабе. Так захаваліся многія з вядомых сёння манет. Большая частка нумізматычнай калекцыі Магілёўскага абласнога краязнаўчага музея была сабрана ў 1950-1980-я гады. Тут захоўваюцца розныя тыпы манет: разменныя, юбілейныя і памятныя, значная калекцыя замежных манет. Гордасцю музейнага збору з’яўляецца калекцыя манетных скарбаў, у якой прадстаўлены нумізматычныя помнікі XVI-XX стст. За апошнія гады ў калекцыі з’явіліся ўнікальныя помнікі грашовага абарачэння X-XV стст., якія прадстаўлены групамі ўсходніх манет – дырхемамі і пражскімі грошамі. Баністыка прадстаўлена амаль усімі ўзорамі рэгулярных дзяржаўных выпускаў. Цікавасць уяўляе значная калекцыя грашовых знакаў перыяду рэвалюцыі і грамадзянскай вайны, якая адлюстравала змену ўлад на тэрыторыі былой Расійскай імперыі. Каштоўнымі помнікамі грашовага абарачэння з’яўляюцца папяровыя грашовыя знакі, выпушчаныя ў 1918 г. у Магілёўскай губерніі. На сённяшні дзень калекцыя грашовых знакаў музея налічвае каля 40000 адзінак захоўвання. Храналагічна матэрыял ахоплівае перыяд са старажытных часоў па сённяшні дзень і ўключае нумізматычныя помнікі многіх краін свету.