Ручнікі
Ручнікі складаюць аснову музейнай калекцыі “Мяккая этнаграфія” Магілёўскага этнаграфічнага музея. Уся музейная калекцыя падзяляецца на тры вялікія групы: рэгіянальныя, пазарэгіянальныя, неарнаментаваныя ручнікі ўтылітарнага прызначэння. Найбольш значнай з’яўляецца група рэгіянальных ручнікоў, створаных у канцы ХІХ – пачатку ХХ стагоддзяў. Для рэгіянальных ручнікоў Магілёўскага Падняпроўя характэрна прымяненне розных тэхнік ткацтва і вышыўкі. У ткацтве пераважаюць браныя двухуточныя і аднаўточныя тэхнікі. Бывае ў адным вырабе выкарыстоўваюцца і тканыя і вышытыя ўзоры. У вышыўках сустракаюцца лічаныя швы, а таксама строчкавае і ажурнае шыццё. Акрамя бранага тут прысутнічае закладное і пераборнае ткацтва. Па ўсёй тэрыторыі Магілёўскага Падняпроўя сустракаюцца багата арнаментаваныя браныя ручнікі, узоры якіх характарызуюцца шчыльным, рэльефным засцілам, гарызантальнай выцягнутасцю рамбічных ці разетачных матываў. Трапляючы пад агульную характарыстыку, ручнікі Магілёўскага Падняпроўя маюць свае рэгіянальныя асаблівасці. Так ручнікі цэнтральных рэгіёнаў адрозніваюцца сакавітым узорам буйнога ромба-геаметрычнага малюнка, дзе папярэчныя палосы, запаўняючы канцы ручніка, паступова звужаюцца да сярэдзіны. У дэкаратыўна-мастацкіх кампазіцыях ручнікоў усходняга рэгіёна пераважаюць чырвоныя і белыя папярочна-паласатыя распрацоўкі. Такія пераборныя ручнікі маюць вызначаны арэал распаўсюджвання – раёны Краснапольскі і Касцюковіцкі. Сярод касцюковіцка-хоцімскіх ручнікоў сустракаюцца ручнікі-“расколышы”. Гэта вузкія вышытыя ручнікі, полка палатна пры вытворчасці якіх разразаецца папалам ці “раскалываецца”. У больш ранні перыяд тут бытавалі ручнікі, якія былі створаны ў тэхніцы закладнога ткацтва з буйным геаметрычным арнаментам, простым па матывах. Сярод ручнікоў заходніх тэрыторый Магілёўшчыны асобна стаяць ручнікі Кіраўскага раёна. Іх узнікненне звязана з існуючым у канцы ХVІІІ стагоддзя ў Любоніцкай воласці промыслам карункапляцення пры дапамозе каклюшак. Ручнікі на Клічаўшчыне вышываліся тэхнікай насцілу - адной са старажытных. У аснове арнаменту тут знаходзіўся буйны ромб, абрыс якога ствараўся за кошт штрыхоў белага палатна, фон малюнка складаў вышыты чырвонымі ніткамі засціл. З канца ХІХ стагоддзя ў аздабленні беларускіх ручнікоў умацавалася вышыўка крыжом, двайным крыжом. Гэта было звязана з распаўсюджваннем праз друкаваныя выданні новых узораў расціцельнага характару. Такія ручнікі склалі групу “пазарэгіянальных” ручнікоў.