Шкло
Калекцыя шкляных вырабаў знаёміць з самымі разнастайнымі прадметамі побыту , посудам сталовым, аптэчным, парфумерным. Яна нешматлікая па складзе, аднак дае яркае ўяўленне аб розных стылях, багацці формаў, дэкору ў такой цікавай галіне дэкаратыўна - прыкладнога мастацтва як шкларобства.У калекцыі шкляных вырабаў можна вылучыць некалькі груп прадметаў, якія ўяўляюць асаблівую цікавасць. Гэта - фужэры шліфаванага шкла расійскай вытворчасці 1820-х гг. Іх адрознівае высокая якасць шкла , прапарцыянальнасць формаў, чысціня агранкі. Незвычайны па свайму рашэнню графін чатырохчастковы . У яго строгая гладкая форма без рэльефных упрыгожванняў. А ўвесь элемент выдумкі і ўпрыгожвання перамешчаны з паверхні вырабу ўнутр яго: перагародкамі графін падзелены на 4 часткі. Дэкаратыўны эфект атрымліваецца пры запаўненні пасудзіны рознымі каляровымі вадкасцямі. У пачатку XX ст. гутным, прэсаваным і ціхавыдуўным спосабам вырабляецца самы розны шкляны посуд - лямпы, цукарніцы, маслёнкі, сухарніцы ў стылі "мадэрн", дэкараваныя алмазнай гранню, рыфленнем, эмалямі. У калекцыі шкла маюцца экзэмпляры, якія характарызуюць развіццё мастацкага шкларобства ў Заходняй Беларусі ў 1900-1930 - я гг. З прэсаваных вырабаў арыгінальнай і ўдала знойдзенай формай вылучаецца маслёнка ў выглядзе курыцы. Цікавыя вазы для кветак з ціхадутага шкла светла-зялёнага колеру. Візітнай карткай мадэрна на Беларусі можна лічыць існаваўшыя практычна ў кожным доме ў канцы ХІХ - 1-й палове ХХ ст. так званыя "кветнікі" . Выраблялі іх на Беларусі з 1890 па 1950- я гг. з каляровага шкла метадам залівання донца у пэўную форму і выцягваннем сценак на розную вышыню, пашыраючыхся ўверсе. Такія вазы сведчаць аб незвычайным майстэрстве нёманскіх гутнікаў. Сярод прадметаў побыту, вырабленых са шкла і прадстаўленых у калекцыі, прыцягваюць увагу старадаўнія бутэлькі. Адны цікавыя сваёй формай - грушападобнай або яйкападобнай з кароткім або выцягнутым горлам, якія надаюць сілуэту бутэлькі элегантны выгляд. Ёсць у калекцыі бутэлькі, якія сведчаць аб прыхільнасці шкларобаў да посуду прамавугольных абрысаў. Гэта - кварты, посуд брускаватай формы, вырабленыя з простых гатункаў шкла з зеленаватым адценнем, якія валодаюць дастатковай празрыстасцю. Бутэлька з-пад шустаўскага каньяку - пераборлівай выцягнутай формы ў выглядзе конусу з гранёным цокалем і глыбока ўдаўленым гарбатым донцам - на выгляд вытанчаная і лёгкая. Бутэлькі для піва магілёўскіх заводаў ХІХ ст. Лекерта і Янік з рэльефным дэкорам - упрыгожаны выявамі гербаў, медалёў і надпісаў.