Метал
Калекцыя металу - адна з самых цікавых у музеі. Яна прадстаўляе помнікі матэрыяльнай культуры, створаныя з самых розных металаў: жалеза, чыгуну, волава, медзі, бронзы. Гэта група ўключае кабінетную скульптуру - розныя бюсты, чарнільныя прыборы, прэсы. Уваходзіць сюды і хатняе начынне. Гэта самыя розныя прадметы побыту - ад посуду да праса. Многія з іх, нягледзячы на непатрабавальнасць і прызначэнне, можна прылічыць да сапраўдных твораў мастацтва. Свяцільні - досыць вялікая група мастацкіх вырабаў з бронзы, латуні, медзі. Яна ўключае настольныя падсвечнікі, кандэлябры, насценныя бра, люстры складанай канструкцыі. Прадстаўлена невялікая калекцыя званоў і званочкаў . У калекцыі можна ўбачыць, галоўным чынам, паддужныя званочкі, якія мелі не толькі ўтылітарнае, але і мастацка – эмацыянальнае значэнне, пра што сведчаць надпісы на некаторых з іх: "Звенит - потешает, ездить поспешает"; "Каво люблю, таво дарю". Надпісы, адлітыя на званочках, дазваляюць вызначыць і месца іх вытворчасці. Гэта найбольш буйныя цэнтры, у якіх знаходзіліся заводы і майстэрні, што займаліся вырабам званоў Валдай, Пурэх, Касімаў. Асаблівую цікавасць у калекцыі металу прадстаўляюць вырабы з медзі і яе сплаваў. Майстры-меднікі выраблялі самы разнастайны гаспадарчы посуд: падносы, глякі, чайнікі, кружкі. Ёсць у калекцыі і экзэмпляр, які адносіцца да старадаўняга посуда, - ендава, якая служыла для падачы на стол і разліву піва, брагі, квасу. Каўшы, чайнікі, тазы і патэльні з медзі і латуні розных памераў практычна не маюць дэкору; асноўны спосаб дэкаратыўна -мастацкага ўпрыгожвання гэтых вырабаў - фактурная апрацоўка паверхні , пры якой майстар здолеў тонка адчуць гэты метал і падкрэсліць яго ззянне, бляс , колер. Прадстаўлена ў калекцыі і такая своеасаблівая старонка ў гісторыі мастацкай апрацоўкі металу, як самавар, які разам з тым уяўляе сабой і вельмі каларытную дэталь бытавой культуры ў мінулым. Музейная калекцыя самавараў налічвае каля 50 экзэмпляраў. Гэта вадагрэі, галоўным чынам, тульскіх фабрык Баташова, Шамарыных, Варанцова, Малахоўцава; Тульскага патроннага завода. Самавары латуневыя, тампакавыя і нікеляваныя, рознай ёмістасці - ад мініяцюрнага на шэсць шклянак да тракцірнага на некалькі вёдраў, дзівяць прыгажосцю і разнастайнасцю сваіх формаў: самавары "банкой", больш вытанчаных формаў - "вазой" з гранямі і без іх, з медальёнамі, самавары "рюмкой", "шаром", "репой" прызначаліся для продажу больш заможным слаям насельніцтва. Маецца ў калекцыі самавар досыць рэдкай формы "яйцом". Выраблены ён ужо ў 1920-я гг. на Тульскім патронным заводзе і сведчыць пра тое, што майстры завода прытрымліваліся традыцый сваіх папярэднікаў, выпускаючы самавары па баташоўскім прэйскуранце.