Фарфор
Фарфор і фаянс з'яўляюцца адным з любімых аб'ектаў калекцыяніравання. Такія калекцыі не толькі дазваляюць прасачыць гісторыю культуры, змену стыляў; яны прыцягваюць разнастайнасцю сваіх формаў і фарбаў, майстэрствам, прыгажосцю і арыгінальнасцю выканання. Значная частка збору фарфору і фаянса прадстаўлена вырабамі фабрык Таварыства М. С. Кузняцова, самага буйнога прамыслоўца, у руках якога ў 2- й пал. XIX ст. былі сабраныя амаль усе значныя керамічныя прадпрыемствы Расіі. Калекцыя прадстаўляе самы разнастайны посуд, які шырока бытаваў з канца ХІХст. - блюды, супніцы, падстаўкі, сувенірныя кубкі, посуд для спецый, соуснікі. Маюцца ў калекцыі асобныя экзэмпляры з маркамі найстарэйшых рускіх фабрык: кружка гарбатная вытворчасці завода Храпунова (Гжэль, вёска Кузяева, Маскоўскай губ., 1815-1840 - я гг.); талерка з ручным роспісам вытворчасці завода Сафронава (в. Кароткая Маскоўскай губ., 1820 - 1840-я гг.). У вырабах Імператарскага фарфоравага завода (кафейнік , чайнік) прасочваюцца рысы ампіру: аваідныя формы ўпрыгожаны скульптурна аформленымі ручкамі і носікамі ў выглядзе грыфонаў; вырабы багата дэкарыраваны золатам. Гонарам калекцыі з'яўляецца шыкоўны чайны сервіз завода Братоў Карнілавых у Пецярбургу , 1860-1880 - я гг. Сервіз на адзінаццаць персон з яркім надглазурным роспісам, багатай пазалотай носіць назву "Залаты чай", служыць яркім сведчаннем таго, што майстры завода выраблялі цудоўны па якасці і роспісе фарфор. Сярод вырабаў замежнай вытворчасці несумненную цікавасць уяўляюць прадметы "калекцыйнага" характару - прадметы сервіза вядомай англійскай фірмы "Веджвуд" . Кубкі са сподкамі - з найтанчэйшага фаянсу з выдатным манахромным жывапісам у тэхніцы грызайль. Выключную каштоўнасць у зборы фарфору ўяўляе гадзіннік камінны ў корпусе Мэйсенскага фарфору 2-й пал. XIX ст. Корпус гадзінніка вянчае скульптурная кампазіцыя ў стылі А. Ватто - галантная пара з кветкавымі гірляндамі. Вялікую цікавасць у зборы ўяўляе і калекцыя фарфоравай скульптуры 1930-1950- х гадоў. Яна ўключае гарадскія і сельскія тыпажы, казачных герояў, анімалістычную скульптуру. Прыгожыя фігуркі Ленінградскага і Дзмітраўскага фарфоравых заводаў, якія здзіўляюць сваімі прапорцыямі, высакароднасцю формаў, абцякальнасцю белага паліванага чарапка. Вельмі каларытная ўкраінская скульптура і фігуркі Мінскага фарфорава-фаянсавага завода.