Дакументы
Дакументальны фонд музея - гэта звод матэрыялаў па гісторыі Магілёўскага краю. Усяго ў дакументальнай калекцыі захоўваецца больш за 36 тысяч дакументаў і фотаздымкаў, арыгіналаў і копій. Яны ахопліваюць перыяд з XVII стагоддзя і да нашых дзён і размешчаны па тэмах: "Магілёўшчына ў складзе ВКЛ і Рэчы Паспалітай XVI-XVIIIстст." , " ... Магілёўскія землі ў складзе Расійскай імперыі. Магілёў губернскі кан. XVIII- пач. XX стст." , "Першыя сацыялістычныя пераўтварэнні на Магілёўшчыне ў 20 - 30 гг. Магілёў даваенны", "Рэвалюцыйныя падзеі на тэрыторыі краю. Стаўка Вярхоўнага Галоўнакамандуючага ў Магілёве 1915 -1917 гг .", "Аднаўленне Магілёўскага краю пасля Вялікай Айчыннай вайны", "Прамысловасць і сельская гаспадарка", "Культурнае жыццё на Магілёўшчыне», «Грамадска -палітычнае жыццё Магілёўскага краю», «Адукацыя і ахова здароўя". Кожная з тэм атрымлівае сваю далейшую дэталізацыю: дзеліцца на раздзелы. З найбольш ранніх матэрыялаў выклікае цікавасць сапраўдны рукапісны дакумент XVII стагоддзя "Зямельны перапіс у вёсцы Любуж" , з матэрыялаў дарэвалюцыйнага перыяду - арыгінальныя тэксты ўказаў Кацярыны II, "Устаўная грамата Магілёўскай губерні Аршанскага павета памешчыкаў Любамірскіх", атэстаты і пасведчанні аб заканчэнні розных навучальных устаноў, сялянскія пашпарты, іншыя асабістыя дакументы, фотаздымкі навучэнцаў і выкладчыкаў Магілёўскай мужчынскай гімназіі. Музеем сабраны вялікі матэрыял па савецкім перыядзе: аб удзельніках рэвалюцыйнага руху 1905-1917 гг., аб першых стаханаўцах, ініцыятарах працоўных пачынаў (Д. Калеснікаў, Х Качмароў), пра арганізатараў і ўдзельнікаў калгаснага будаўніцтва, матэрыялы па гісторыі фабрык і заводаў Магілёўшчыны (Магілёўская шаўковая фабрыка, МВА "Хімвалакно"), аб дзейнасці вядомых перадавікоў вытворчасці, Героях Сацыялістычнай Працы (В. Старавойтаў, П. Аўсеенка, К. Арлоўскі) - гэта дыпломы і граматы, аўтарскія пасведчанні. У склад калекцыі ўваходзяць матэрыялы дзеячаў навукі і асветы, культуры і мастацтва, вядомых спартсменаў, ураджэнцаў Магілёўшчыны і асоб, чыя дзейнасць звязана з Магілёўскім краем. У калекцыі прадстаўлены планы і карты (арыгіналы і копіі) Магілёва, гарадоў Магілёўскай губерніі, архітэктурных помнікаў Магілёва кан. XVIII - пач. XX стст.