Археалогія
Археалагічная калекцыя Магілёўскага абласнога краязнаўчага музея налічвае звыш 26 тысяч адзінак захоўвання асноўнага фонду. Яна багатая і цікавая, утрымлівае разнастайныя тыпы рэчаў характэрныя для Верхняга Падняпроўя, пачынаючы са старажытнейшых часоў і да сярэднявечча ўключна. Захоўваюцца археалагічныя знаходкі з раскопак мезалітычных паселішчаў (Баркалабава, Бароўка, Горкі, Журавель, Лудчыцы, Янава), неалітычных (Вугольшчына, Карэбы), бронзавага веку (Вець, Кліны), селішчаў, гарадзішчаў, грунтовых могільнікаў і курганных пахаванняў на тэрыторыі Магілёўскай вобласці (Абідня, Змяёўка, Калодзезская, Княжыцы, Курганне, Нікадзімава, Тайманава, Чавусы, Эсьмоны), знаходкі з раскопак Мсціслаўскага дзядзінца «Замкавая гара», Мсціслаўскага пасада, археалагічных аб’ектаў Магілёва і інш. У ліку знаходак крамянёвыя адшчэпы з рэтушшу мусцьерскага тыпу з Клеявіч. Калекцыя крамянёвага інвентару з мезалітычных паселішчаў прадстаўлена прадуктамі першаснай апрацоўкі крэменю – нуклеусамі, пласцінамі і адшчэпамі; шматлікімі прыладамі – наканечнікамі стрэл, разцамі, скрабкамі, вастрыямі, праколкамі, скобелямі, трапецыямі, рубячымі прыладамі і інш., якія належылі носьбітам грэнскай і свідэрскай культур. Да часоў неаліту - бронзы адносяцца каменныя свідраваныя і клінападобныя сякеры, наканечнікі стрэл і коп’яў, прылады з крэменю (нажы, ножападобныя пласцінкі, разцы, скрабкі, скобелі, сякеры і інш.), касцяныя вырабы. Захоўваецца ляпны арнаментаваны керамічны посуд. Цікавы бронзавы кельт. Да эпохі ранняга жалезнага веку адносяцца жалезныя, бронзавыя, касцяныя і керамічныя знаходкі з раскопак гарадзішчаў, селішчаў і грунтовых могільнікаў (Барсукова горка, Дзявочая гара, Курганне, Абідня, Тайманава і інш.) – нажы, сякеры, шылы, шпора, брытвы, спражкі, кольцы, фібулы, шпількі, бранзалеты, падвескі, тачыльныя брускі, ліцейныя формы, тыглі, прасліцы, пацеркі, ляпная кераміка. Сабрана багатая калекцыя прадметаў убору з выемчатымі эмалямі другой чвэрці І тыс. н. э. (бронзавыя лунніцы, падвескі; трохвугольныя, падковападобныя і ажурныя фібулы). Трэцюю чвэрць I тыс. н. э. прадстаўляюць матэрыялы гарадзішча Нікадзімава: прадметы ўзбраення, рыштунку каня і вершніка (наканечнікі стрэл, коп’яў, дроцікаў, цуглі, шпоры, збруйныя спражкі), інш. жалезныя вырабы (нажы, шылы, крэсівы, пінцэты, далоты, кнотавыя трубачкі, рыбалоўны кручок, спружынныя нажніцы, сякеры, дробныя кавальскія інструменты, каса-гарбуша, сярпы), упрыгожанні (бранзалеты, кольцы, прывескі, накладкі, бляшкі, пацеркі), ляпная кераміка і інш. Найбольш рэдкімі артэфактамі з’яўляюцца: меч двухлязовы VI ст., пальчатыя і антрапазааморфная фібулы, скарб, які складаецца з паяснога набору і металічных прадметаў. Захоўваюцца зярняты культурных раслін, косткі хатніх і дзікіх жывёлін. Крывічам, радзімічам і дрыгавічам належылі пахавальныя комплексы з курганоў і матэрыялы вывучэння селішчаў, якія змяшчаюць шматлікія ўпрыгожанні - шыйныя грыўні, скроневые кольцы, лунніцы, падвескі, бранзалеты, спражкі, пацеркі, яйка-пісанку, керамічны посуд і інш. Цікавым артэфактам з’яўляецца скандынаўская бронзавая літая фігурка прывязанага да каня чалавека, атрыманая з курганнага пахавання Калодзезская. Сярод матэрыялаў раскопак Мсціслаўскага дзядзінца «Замкавая гара» - берасцяная грамата І-й паловы XIII ст., мяшэчак з шоўку, касцяныя, скураныя, жалезныя, керамічныя, шкляныя і інш. прадметы - замкі, ключы, нажы, сякеры, наканечнікі стрэл; разнастайныя ўпрыгожанні - бранзалеты, пацеркі, ювелірныя вырабы; шыферныя прасліцы, касцяныя і драўляныя грабеньчыкі, культавыя рэчы, прадукцыя касцярэзнага рамяства, кафля, скураны абутак, ганчарны посуд і інш. Знаходкі з Магілёва прадстаўлены жалезнымі вырабамі, кафляй, дробнымі керамічнымі прадметамі (люлькі для палення, цацкі, свістулькі, грузілы, керамічны посуд) і інш.