Гісторыя краю з 1917 па 1945 гг.

Экспазіцыя адкрыта 3 ліпеня 1993 г., размешчана ў чатырох  залах трэцяга паверха музея. Першы яе раздзел расказвае аб адрачэнні ад трона Мікалая II, Карнілаўскім мяцяжы, ліквідацыі контррэвалюцыйнай Стаўкі, устанаўленні ў краі Савецкай улады, аб нямецкай і польскай акупацыі ў перыяд грамадзянскай вайны, аб індустрыялізацыі, калектывізацыі сельскай гаспадаркі, аб культуры 1930-х гадоў. Гэта толькі сціслы пералік падзей, паказаных з дапамогай шматлікіх дакументаў, фотаздымкаў і прадметаў эпохі. Дыярамы “Мітынг на Тэатральнай плошчы ў Магілёве 5 сакавіка 1917 г.”, “Мяцежныя генералы на чале з Карнілавым у Быхаўскай турме”,  “Прыбыццё ў Магілёў зводнага атрада матросаў і чырвонаармейцаў на чале з М.В. Крыленкам" дазваляюць наведвальнікам адчуць сапраўдную атмасферу тых рэвалюцыйных падзей. Фотаздымкі, плакаты, разнастайныя рэчы расказваюць аб складаным часе перадваенных гадоў. Асобны экспазіцыйны комплекс прысвечаны сталінскім рэпрэсіям 1930-х гадоў. Экспазіцыя раздзела Вялікай Айчыннай вайны распавядае аб трагічных і гераічных падзеях, аб мужнасці савецкіх людзей, якія перамаглі фашызм. Экспазіцыя насычана вялікай колькасцю фотаздымкаў, сапраўдных дакументаў і асабістых рэчаў герояў магілёўскай абароны, падпольшчыкаў і партызан, воінаў-вызваліцеляў. Прадстаўлены шматлікія прадметы ўзбраення, іх рэканструкцыі. Асобная зала прысвечана гераічнай абароне Магілёва. Дыярама ўваскрашае фрагмент гераічнага бою на Буйніцкім полі 12 ліпеня 1941 г., аб якім напісаў франтавы карэспандэнт, пасля вядомы савецкі пісьменнік, Канстанцін Сіманаў. У зале экспануюцца шынель палкоўніка С.Ф. Куцепава, які паслужыў прататыпам аднаго з герояў эпапеі “Жывыя і мёртвыя”, фатаапарат і медаль камандзіра 172-й стралковай дывізіі генерала М.Ц. Раманава. У вітрынах прадстаўлены зброя і асабістыя рэчы ўдзельнікаў магілёўскай абароны – пехацінцаў, артылерыстаў, урачоў. Цэнтральная зала экспазіцыі прысвечана гераічнай барацьбе партызан і падпольшчыкаў супраць фашысцкай акупацыі.  Тут наведвальнікі ўбачаць партызанскую зямлянку. На цэнтральным месцы страшны сімвал - урна з попелам спаленай фашыстамі вёскі. У вітрынах прадстаўлены ўзнагароды, асабістыя рэчы і трафеі магілёўскіх падпольшчыкаў і партызан. Завяршаецца экспазіцыя залай, прысвечанай вызваленню Магілёўшчыны ў 1943 - 1944 гг. Дзякуючы дыяраме "Штурм Магілёва 28 чэрвеня 1944 г.” можна ўявіць адзін з момантаў вызвалення горада ад акупантаў. Прадстаўлена фотахроніка тых гераічных дзён. Завяршаюць экспазіцыю фотапартрэты ўдзельнікаў вызвалення Магілёўскай вобласці і землякоў, якія змагаліся на франтах Вялікай Айчыннай, вызвалялі Еўропу.