Мерапрыемства «Жавароначкі, прыляціце, вясну-красну прынясіце!»
27 сакавіка 2019

   Пасля цёмных зімовых дзён так прыемна на вуліцу выйсці. Нават нам, гарадскім жыхарам, хочацца хвалу сонцу прапець. Недзіўна, што ў нашых продкаў існаваў цэлы цыкл вясновых святаў «Гуканне вясны», у якіх захаваліся адгалоскі старажытнага сонечнага культу.
   З нецярпеннем чакалі нашы продкі Саракі. У гэты дзень, 22 сакавіка, надавалася вялікае значэнне прылёту птушак. Верылі, што прылятае сорак выраяў, якія на сваіх крылах прыносяць сапраўдную вясну. Для іх ушанавання выпякалі “жаваранкаў” – булачкі ў выглядзе птушачак.
   Колькі год запар у музеі этнаграфіі ладзіцца свята “Жавароначкі, прыляціце, вясну-красну прынясіце!”. У гэтым годзе свята прайшло з удзелам навучэнцаў Магілёўскага дзяржаўнага медыцынскага каледжа, сярод студэнтаў якога ёсць грамадзяне Туркменіі.
   Госці пазнаёміліся з традыцыямі сустрэчы вясны на Магілёўшчыне. Працягам свята сталі гульні і святочныя карагоды, якімі удзельнікі  віталі і ўшаноўвалі вясну і сонца. Закончылася свята майстар-класам, на якім госці паспрабавалі зрабіць уласнымі рукамі “жавароначкаў” з цеста.
   Такую ж магчымасць атрымалі 23,24 сакавіка навучэнцы школы №2 і аб`яднання “Юныя этнографы” Магілёўскага абласнога цэнтра творчасці. Пад кіраўніцтвам майстра дзеці з захапленнем ляпілі “жавароначкаў”, набліжаючы прыход вясны. 

001

002

003

004

005

006