АКЦЫЯ «ПРЫХОДЗЬЦЕ ДА НАС ЖАВАРОНКАЎ ЛЯПІЦЬ!»
02 сакавіка 2018

   Дарагія  юныя  сябры, паважаныя дарослыя!
   Запрашаем вас прыняць удзел у  майстар-класе па вырабу традыцыйных птушак-«жаваронкаў» з цеста. Майстар-клас будзе праводзіцца ў дзень святкавання народнага свята «Сарокі», які беларусы адзначаюць 22 сакавіка.
   У гэты дзень з даўніх часоў сустракалі славяне першых пералётных птушак – жаваронкаў і кулікоў, якія вярталіся з зімоўкі ў цёплых краінах. Святочныя абрады былі звязаны з вераваннем, што гэтыя птушкі прыносяць на крылах вясну і адчыняюць шлях усім астатнім птушкам.
   У беларусаў захавалася добрая традыцыя на «Сарокі» пячы з цеста фігуркі птушак-«жаваронкаў», якім у гэты святочны дзень адведзена галоўная роля – Вясну зазываці. З далёкага часу гэтае свята лічылася дзіцячым. Дзеці прымалі вельмі актыўны ўдзел  ў вырабе абрадавага печыва. З выпечанымі птушкамі ў руцэ беглі дзеці ў палі, каб зазываці Вясну.
   Формы вырабу птушак-«жаваронкаў» у беларусаў былі вельмі рознымі і залежылі, у першаю чаргу, ад традыцый, якія бытавалі на той ці іншай тэрыторыі, а так сама ад фантазіі гаспадыні і яе дзетак, ад  дабрабыту сям`і.
   Музей этнаграфіі захоўвае звесткі пра тое, як выглядалі фігуркі птушак у розных кутках нашага краю, як яны тэхналагічна вырабляліся, і прапануе навучэнцам усіх узростаў (можна сумесна з бацькамі) прыйсці ў музей і навучыцца ляпіць разам з музейнымі супрацоўнікамі птушку-«жаваронка». Вучыць дзяцей  вырабляць птушак мы будзем у музейнай экспазіцыі бясплатна ў дзень святкавання - 22 сакавіка з 15.00 да 16.00 гадзін.
   ПАПЯРЭДНІ ЗАПІС АБАВЯЗКОВЫ. Тел. 25-13-81; 22-01-92. Наш адрас: вул. Першамайская, 8, музей этнаграфіі.