АКЦЫЯ «НАВАГОДНІЯ ЦАЦКІ СВАІМІ РУКАМІ»
30 лістапада 2017

Дарагія юныя сябры, паважаныя дарослыя!

   На падыходзе новы,  2018 год. У кожнай сям`і, у кожным дзіцячым калектыве ўпрыгожваюць навагоднюю прыгажуню-ёлку. Цацкі для елкі сёння купляюць у крамах. Мы, у нашым музеі, хочам прапанаваць дарослым успомніць пра тое, як навагоднія цацкі вырабляліся да свята ў кожнай сям`і, у дзіцячых садках, школах і навучыць дзяцей рабіць такія цацкі сваімі рукамі.
   У канцы XIX ст. ёлкі ўпрыгожвалі яблыкамі, пазалочанымі арэхамі, цукеркамі, пернікамі, садавінай, якія былі падобныя на дары вешчуноў. Першыя фабрычныя ёлачныя цацкі сталі завозіцца ў Расію з Нямеччыны, але былі дарагімі і даступнымі не ўсім. У пачатку XX стагоддзя ёлкі сталі ўпрыгожваць цацкамі з ваты, папяровымі гірляндамі, фігуркамі з пап`е-машэ, якія рабіліся дома. Выраблялі цацкі з простых, даступных матэрыялаў - ваты, фальгі, паперы, клею, ствараючы дзіўныя фігуркі анёлаў, блазнаў, жывёл; кветкі і садавіну. У даваенны і пасляваенны перыяды вырабляліся цацкі з савецкай сімволікай, сцяжкі. У 1960-1970-х гадах самаробныя цацкі былі цалкам выцесненыя фабрычнай ёлачнай прадукцыяй са шкла. Самаробныя ёлачныя цацкі канчаткова выйшлі з моды ...
  Але захоўваецца памяць пра самаробныя ёлачныя цацкі, у тым ліку і ў музеях. Музей этнаграфіі прапануе школьнікам усіх узростаў прыйсці ў музей і зрабіць цацку для навагодняй ёлкі сваімі рукамі пад кіраўніцтвам музейных супрацоўнікаў і майстроў. Вучыць дзяцей рабіць цацкі мы будзем у музейнай экспазіцыі цалкам бясплатна на працягу двух дзён - 15 і 27 снежня з 15.00 да 17.00. Два майстар-класы 22 снежня і 5 студзеня з 15.00 да 17.00 на платнай аснове дасць Давыдава Святлана Мікалаеўна - майстар-лялечнік. Яна навучыць вязаць і валяць з воўны ўпрыгожванні для ёлкі.
   ПАПЯРЭДНІ ЗАПІС абавязковы! Тэл. 25-13-81; 22-01-92. Наш адрас: вул. Першамайская, 8; музей этнаграфіі.