Ваенная гісторыя
У склад калекцыі ўваходзяць абмундзіранне, ваенны рыштунак, боепрыпасы XVIII-XX стст., а таксама дакументы і фотаздымкі перыяду Вялікай Айчыннай вайны. Ваенная калекцыя была першай, якую пачаў наноў фарміраваць пасля Вялікай Айчыннай вайны магілёўскі музей. Дырэктар музея Іван Сяргеевіч Мігулін, вярнуўшыся з эвакуацыі, пачаў збіраць экспанаты ўжо восенню 1943 г. Ён збіраў падпольныя газеты, лістоўкі, рукапісныя партызанскія журналы і малюнкі, лісты, фотаздымкі. Сістэматычна калекцыя пачала фарміравацца з 1949 г, калі музей атрымаў памяшканне і экспазіцыйныя плошчы ў Доме Саветаў. У той жа час паступілі і першыя ваенныя рэліквіі: партызанская амуніцыя і нямецкія трафеі, здабытыя падчас бою, партатыўныя друкарскія машынкі і хірургічныя інструменты партызанскіх урачоў. У 1951 г. усё сабранае было прадстаўлена ў першай пасляваеннай экспазіцыі. Асноўны збор матэрыялаў па Вялікай Айчыннай вайне ішоў на працягу 50-80-х гг. ХХ ст. Кола пошукаў шырылася. Музей умацаваў цесныя сувязі не толькі з землякамі – ўдзельнікамі вайны, але і з тымі, хто змагаўся на магілёўскай зямлі ў 1941 і 1944 гадах, хто ўдзельнічаў у партызанскім і падпольным руху: ад камандуючых арміямі да радавых, ад Герояў Савецкага Саюза да сціплых ветэранаў. Адначасова з навуковым вывучэненнем ваенных падзей на тэрыторыі Магілёўскай вобласці ішло фарміраванне комплексаў матэрыялаў па частках і спалучэннях, што ваявалі тут, па партызанскіх атрадах і падпольных групах. Былі сабраны матэрыялы практычна аб усіх Героях Савецкага Саюза, ураджэнцах Магілёўскай вобласці, ці тых, хто здзейсніў свой подзвіг на магілёўскай зямлі. У дакументальнай частцы калекцыі сабраны паслуговыя спісы, характарыстыкі, біяграфіі, успаміны, франтавыя лісты, пасведчанні, ваенныя білеты, чырвонаармейскія і ордэнскія кніжкі, лістоўкі, газеты, фотаздымкі. Рэчавая частка калекцыі складае 1/7 частку ад агульнай колькасці прадметаў. Яна прадстаўлена абмундзіраваннем і амуніцыяй перыяду Вялікай Айчыннай Вайны, асабістымі рэчамі, рэліквіямі ўдзельнікаў вайны, боепрыпасамі. Невялікую і каштоўную яе частку складае ваенная амуніцыя і абмундзіраванне XVIII-XIX стст., якія паступілі ў фонды нашага музея ў 1952-1957 гг. з Дзяржаўнага гістрачнага музея Масквы і Артылерыйскага музея Ленінграда. Гэта некалькі галаўных убораў і мундзіраў, вальтрапы, барабаны і сігнальныя трубы, патронныя сумкі, іншая скураная амуніцыя, конскі рыштунак. Найбольш цікавымі матэрыяламі перыяду ВАВ з’яўляюцца ўспаміны, лісты ўдзельнікаў і сведкаў вайны, савецкія і нямецкія сродкі прапаганды (газеты, лістоўкі, плакаты, афішы), чырвонаармейская і нямецкая амуніцыя. У сваёй большасці экспанаты ваеннай калекцыі перыяду ВАВ носяць мемарыяльны характар. Музей захоўвае і экпануе асабістыя рэчы і дакументы герояў абароны горада генерала Міхаіла Цімафеевіча Раманава, палкоўніка Сямёна Фёдаравіча Куцепава, партызанскіх камандзіраў Мікалая Філіпавіча Каралёва і Асмана Мусаевіча Касаева, падпольшчыкаў Генрыха Захарана і сясцёр Хаўранковых, удзельніка вызвалення генерала Аляксандра Васільевіча Гарбатава, знакамітых землякоў двойчы Герояў Савецкага Саюза Івана Ігнатавіча Якубоўскага, Іосіфа Іракліевіча Гусакоўскага, Сцяпана Фёдаравіча Шутава і многіх іншых.