Фотаздымкі
Значную частку матэрыялаў дадзенай калекцыі, якая ўключае больш за тысячу адзінак захоўвання, складаюць здымкі і відавыя паштоўкі канца ХIХ - пачатку ХХ стст. Асаблівае месца ў калекцыі займаюць фатаграфіі к. ХIХ - пач. ХХ стст. вядомых фатографаў г. Магілёва губернскага: С. Аляксандрава, П. Л. Катанскай, М. З. Фішмана, Л. Л. Перэльмана, Ш.М. Пячэрскага (больш вядомага пад прозвішчам С. Дынін), І.А. Немчанкі, І. Д. Іванова, М. Чарэшкіна. Фотаздымкі знаходзілі прымяненне ў розных галінах чалавечай дзейнасці. Таму невыпадкова да паслуг магілёўскіх майстроў звярталіся не толькі простыя абывацелі, але і многія казённыя і грамадскія ўстановы горада. У калекцыі ёсць некалькі экзэмпляраў фотаздымкаў, якія сведчаць пра гэта: "Група чыноўнікаў зямельнага банка ў Магілёве", "Выкладчыкі і вучаніцы магілёўскай жаночай гімназіі", "Чыноўнікі магілёўскай казённай палаты" і інш. Якасць здымкаў была бездакорная. Работы фатографаў у свой час былі прадстаўлены на міжнародных выставах у Вене, Парыжы і заслужана ўдастоены высокіх узнагарод ("Залаты", "Бронзавы" і іншых медалёў). Адным з лепшых фатографаў у г. Магілёве губ, несумненна, з'яўляўся М. З. Фішман. Даведачнае выданне "Увесь Магілёў на Дняпры за 1912" паведамляе пра яго: "…Къ услугамъ этой фотографiи прибъгаютъ всъ казенныя и общественныя учрежденiя, имъющiя въ виду групповыя снимки не лубочнаго, а строго художественнаго характера, фирма слъдуетъ за всъми новинками въ области фотографiи, сейчасъ же примъняя это въ своихъ работахъ, а зайдя въ прiемную залу фотографiи или въ галлерею, обставленную по послъднему слову, со всей роскошью, мыслимой, конечно, для провинцiальной фотографiи, посътитель проникнется увъренiемъ въ безукоризненномъ выполненiи заказа". Фатаграфічны фонд разнастайны па жанрах, ён уключае сюжэтныя, відавыя і бытавыя здымкі, адзіночныя і групавыя партрэты. У музеі захоўваецца ўнікальная калекцыя негатываў на шкле кан. ХIХ ст., выкананых выхадцам з Магілёўскай губерні - Сяргеем Мікалаевічам Блажко. Гэта негатывы з відамі Хоцімскага павета, яго ваколіц, асобных помнікаў архітэктуры. Значнае месца займаюць відавыя паштоўкі кан. 19 - пач. 20 стст. як мясцовых магілёўскіх выдавецтваў: магазін пісьмовых тавараў М. Ш. дэ- Ноткіна, кнігарня Я. Г. Сыркіна, І. Р. Шыка, Б. С. Сагала, так і буйных маскоўскіх выдавецтваў: контрагентства А. С. Суворына і Ко", "Абшчыны св. Яўгеніі", фотатыпіі "Шэрар, Набгольц і Ко", "Ота Рэнаръ". У іх прадстаўлены як буйны губернскі цэнтр, так і невялікія павятовыя гарады. Захаваная цэнтральныя частка горада, найбольш выдатныя помнікі даўніны, храмы, саборы, маляўнічыя віды ўскраін горада, асобныя будынкі і збудаванні, масты і навучальныя ўстановы. І калі дадаць, што ўсе паштоўкі былі выдатна выкананы, што на іх выразна вымалёўваліся многія цікаўныя дэталі, якія прывабліваюць да сябе ўвагу, то можна лёгка паверыць, што разыходзіліся яны ў свой час у велізарнай колькасці і, несумненна, прадстаўлялі вялікую цікавасць для спажыўца. Сучасная фатаграфія прадстаўлена мастацкімі творамі А.Ліціна, П.Цішкоўскага, З.Шэгельмана. Рэпартажныя фотаздымкі 1940-1990-ых гадоў паказваюць розныя бакі культурнага і палітычнага жыцця горада. У калекцыі захоўваюцца таксама віншавальныя паштоўкі са святам 7 лістапада, Новага года, 23 лютага, 8 сакавіка і 1 мая выдання 1950-1970-х гадоў. Тэматыка іх малюнкаў цесна звязана з жыццём краіны. Цікавасць уяўляюць паштоўкі 1960-х гадоў «З наваселлем!», «Са святам 1 верасня!». У калекцыі ёсць таксама паштоўкі з выявамі акцёраў савецкага кіно, якія выдаваліся аддзелам прапаганды савецкага кінамастацтва.