ДПМ
Калекцыя дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва прадстаўлена вырабамі з саломы, лазы і дрэва. Пляценне – самы старажытны занятак. Але з-за недаўгавечнасці матэрыялаў і функцый, якія выконвалі абрадавыя рэчы, захаваліся толькі некаторыя ўзоры другой паловы ХІХ ст. Асноўную частку музейнага збору складаюць вырабы народных майстроў сярэдзіны – другой паловы ХХ ст. Доўгую гісторыю і старажытныя карані маюць і вырабы для аздаблення жылля – павукі. Хоць іх і не плялі, а збіралі з саломінак, але, дзякуючы аб’ёмна-прастораваму вырашэнню, павукі бліжэй да плеценых рэчаў. Найбольш пашыранай на Магілёўшчыне формай павукоў была рамбічная. У аснову канструкцыі пакладзена аб’ёмная роўнабаковая рамбічная фігура з дванаццаці саломінак аднолькавай даўжыні. Спалучэнне некалькіх такіх фігур дазваляе атрымліваць разнастайныя канструкцыі павукоў. Музейная калекцыя прадстаўлена сучаснымі вырабамі на аснове старажытных тэхналогій. Для ўпрыгожвання інтэр’ераў у ХІХ ст. з саломы сталі вырабляць разнастайныя шкатулкі-куфэрачкі. Вырабаў таго часу не захавалася. У музейным зборы – рэчы сярэдзіны ХХ ст. Іх аўтар – С.Галанчанка з в.Зарудзееўка Магілёўскага раёна. Адраджэнне саламянай пластыкі на Магілёўскай фабрыцы мастацкіх вырабаў звязана з творчасцю К.Арцёменка, якая была вучаніцай С.Галанчанкі. Яе жанравыя сцэнкі на бытавыя і фальклорныя тэмы ўражваюць арганічнасцю і вобразнасцю, традыцыйнасцю і дэкаратыўнасцю. У іх прасочваецца творчае мысленне, майстэрства поўна раскрыць прыгажосць саломы, ужываючы розныя прыёмы пляцення. З музейнага збору вылучаецца работа пад назвай “Вяселле”. Не менш распаўсюджанымі ў побыце былі і плеценыя рэчы з лазы. Гэта разнастайныя карзіны, кошыкі і каробкі для транспарціроўкі і захоўвання садавіны і гародніны. Такой жа разнастайнасцю вылучаліся і тэхнікі пляцення. На пачатку ХХ ст. промысел набыў дэкаратыўны характар. Адмысловыя формы вырабаў удала спалучаліся са стылем “мадэрн”. Падоўжаныя, расшыраныя, з перагародкамі, вечкамі куфэрачкі, талеркі, сухарніцы, карзінкі страцілі традыцыйную лаканічнасць і прастату, а набылі вычварнасць і манернасць таго часу. Працяг народных традыцый лозапляцення можна назіраць у вырабах майстра Афонькіна Станіслава Мікалаевіча з Быхаўскага раёна. Кошыкі ўражваюць разнастайнасцю дэкору, які ствараецца перапляценнем дубцоў рознага гатунку – вывараных і сырых.