Цвёрдая этнаграфія
Калекцыя “Цвёрдая этнаграфія” налічвае амаль тысячу экспанатаў. Гэта сельскагаспадарчы інвентар, хатняе начынне, драўляны і керамічны посуд, прылады працы рамеснікаў. Паўсядзённы быт і працоўныя будні беларускага селяніна былі цесна звязаны з лесам, сярод якога ён жыў і чыімі разнастайнымі дарамі карыстаўся. З лесу вырабляліся разнастайныя прадметы хатняга ўжытку, посуд, мэбля, транспартныя сродкі. Дрэва ў руках майстроў-умельцаў ператваралася ў сапраўдныя творы мастацтва. З асаблівай дасканаласцю выраблялі прылады працы для ткацтва і апрацоўкі лёну, хоць яны і не маюць дэкаратыўнага ўбранства. Такія рэчы як верацяно, чаўнок, самапрадка альбо прасніца часта былі зроблены братам для сястры, жаніхом для нявесты і да нашых дзён захавалі натуральную прыгажосць дрэва. Драўляны выдзеўбаны посуд рабілі самі гаспадары (разнастайныя бочкі і кадушкі, міскі і начоўкі), а бандарныя вырабы (дзежкі і кубельцы, біклагі і маслабойкі) набывалі на кірмашы. Гэты посуд збіралі з клёпак розных памераў і форм, для вырабу якіх ужываліся стругі, фуганкі і гэблікі. Мэбля з’явілася ў сялянскім побыце толькі ў канцы ХІХ стагоддзя: канапы, калыскі, шафы, ложкі і крэслы. Дэкор такіх вырабаў просты і лаканічны: прапілоўка па верхнім краі, рэльефная разьба. Сярод сельскагаспадарчага інвентару прыцягваюць увагу саха і цэп – рэчы, якімі ў наш час ужо не карыстаюцца. Дарэчы, саху і плахі да яе можна было набыць на кірмашы ў Шклове. Самую разнастайную групу калекцыі складае керамічнае малочнае начынне. Гэта гарлачы і збанкі. Гарлачы Падняпроўя ўражваюць зграбнасцю і мініяцюрнасцю формы. Сваю назву вырабы атрымалі ад выцягнутага горла. Яно дастаткова вузкае, каб было зручна браць рукой, і ў той жа час даволі шырокае, каб можна было памыць знутры. Зусім іншую форму маюць гарлачы паўднёва-усходняй часткі Магілёўшчыны. Вырабам гэтага рэгіёну ўласціва важкасць пры выразнай зграбнасці формы: высокае і шырокае горла, часта слабапрафіліраванае, плаўна вырастае з акруглых бакоў. Упрыгожваннем калекцыі з’яўляецца рынка – выраб ХУІІ ст. Належыць да ўзору Мсціслаўскай керамікі. Знойдзены пад час археалагічных раскопак. Гэта посуд на трох ножках, з невысокімі сценкамі і шырокім дном. Мае полы дзяржальнік, у якім замацоўвалі драўляную ручку. Адна з разнавіднасцей глінянай патэльні. Рынка характэрна для ганчарства мястэчак і гарадоў. Згодна цэхавым ўставам яе выраблялі для атрымання звання майстра. Цікавы выраб 1930-х гадоў – збанок барысаўскай арцелі “Чырвоны Кастрычнік”. Такіх вырабаў ў Беларусі захавліся адзінкі. Дэкор сугучны часу стварэння: аэраплан, сімволіка Чырвонага Крыжа. Прылады рамеснікаў прадстаўлены разнастайнымі скоблямі і стругамі, гэблікамі і фуганкамі для апрацоўкі дрэва. Кавальскі інвентар уражвае разнастайнасцю формаў і назваў: прабойнік і зубіла, гаечнік і клубік, форма для цвікоў і для дроту, гладзілка.