Выстава «Горад, які быў»

   У гэтай выставы, як і ў аднайменнай кнігі, шмат аўтараў, але толькі два галоўныя героі — Магілёў і фатаграфія. Дакладней, іх тры. Трэці герой – час. Час пазначаны — ад канца 70-х да пачатку 90-х мінулага стагоддзя. Канец эпохі сацыялізму і час нашай маладосці і сталення, якія выпалі на гэты перыяд. Час быў і просты, і складаны, ён увабраў і пік “застою”, і бурлівы перыяд “перабудовы” ды больш значных перамен, у наступствах якіх мы жывем зараз.
   З аднаго боку, пік “дэфармацыі” гарадской прасторы застаўся ззаду, і менавіта гэты перыяд можна назваць часам “застою” не толькі ў сэнсе палітычным ці эканамічным, але і ў сэнсе ландшафтна-архітэктурным. Тое, што было “трэба” разбурыць, ужо разбурылі, а будаваць новае не спяшаліся...
   З другога, ужо ў наступнае дзесяцігоддзе здарыўся “выбух”, у выніку якога горад, як асяродак жыхарства, архітэктурны комплекс, геаграфічны ландшафт, інфраструктура, зазнаў істотныя змены. Але трансфармацыі гарадскога асяродку былі выціснутыя з памяці гараджан іншымі зменамі, мабыць, больш значнымі для чалавечага ўспрыняцця.
   Магілёўскія фатографы робяць спробу аднавіць гэтую памяць з дапамогай візуальных дакументаў з уласных архіваў — фотаздымкаў — з уласцівай для іх аб`ектыўнасцю і прыўнесенай суб`ектыўнасцю. Змены, якія адбыліся, спрабуюць глыбей усвядоміць праз успаміны-рэфлексіі і некалькі магілёўцаў, розных па ўзростах і прафесіях, для якіх Магілёў 80-х — гэта горад іх дзяцінства, маладосці, сталення, магчыма, і росквіту. І тут без суб`ектыўнасці дакладна не абысціся. Іх асабістыя ўспаміны — гэта не толькі вербальнае “тлумачэнне” да фотаздымкаў, але і спроба пошуку адказаў на пытанні аб мінулых зменах. Як яны паўплывалі на камфортнасць пражывання, яго пачуццёвае ўспрыманне , як вырашаліся праблемы захавання гістарычнай спадчыны і ці стала аблічча горада прывабней пасля “еўрарамонту”?.. Як змена эпох, эканамічныя і палітычныя катаклізмы паўплывалі на горад, на адчуванне ў ім жыхароў і гасцей Магілёва?..
   Цікава, што ў 90-я зазнала пералом і развіццё фотамастацтва, як і фатаграфія ўвогуле. Пачаткам такіх перамен стала бурнае развіццё каляровай аналагавай фатаграфіі, потым пераход да лічбавых тэхналогій, Інтэрнэту, тэлефаніі, якія выціснулі аналагавую фатаграфію на ўскраек фотамастацтва і замкнулі яе ў своеасаблівай рэзервацыі маладых фанатаў і стойкіх прыхільнікаў-ветэранаў. Гэтыя даволі хуткасныя змены таксама патрабуюць свайго асэнсавання, таму альбом, які вы трымаеце ў руках, гэта не толькі ўзгадкі пра Магілёў 80-х гадоў, але — для нас, фатографаў — і вяртанне да звыклай і любай нам чорна-белай плёначнай фатаграфіі, змушаны адыход ад якой дзе больш, дзе менш значна паўплываў і на наша жыццё, і на нашу творчасць.
   Мінулае лёгка перацякае ў сучаснае, але ў якім выглядзе яно захаваецца ў нашай памяці, істотна залежыць ад нас з вамі. І дадзенае выданне – гэта своеасаблівая спроба дапамогі гораду захаваць памяць пра яго, пра той перыяд, які ўжо адышоў у гісторыю, але з якім звязаны лёсы многіх людзей...А далей — глядзіце, чытайте. І, магчыма, нешта настальгічнае варухнецца  ў вашай душы…